Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 снежня 2017, 17:41

Карпенка ацэньвае выступленне беларускай каманды на WorldSkills у Абу-Дабі як здавальняючае

11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская каманда здавальняюча выступіла на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills, які прайшоў у кастрычніку ў Абу-Дабі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА агучыў міністр адукацыі Ігар Карпенка перад пасяджэннем рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта WorldSkills International у Беларусі.

Ігар Карпенка адзначыў, што Беларусь удзельнічае ў руху WorldSkills International літаральна некалькі гадоў, і ўжо ёсць пэўныя рэзультаты. "Вынікі ўдзелу беларускай каманды ў міжнародным конкурсе прафмайстэрства WorldSkills у Абу-Дабі здавальняючыя, 16-е месца сярод той вялікай колькасці краін, якія прымалі ўдзел у ім, нядрэннае. Разам з тым мы не павінны здавольвацца гэтым вынікам. Сёння на пасяджэнні мы абмяркуем спосабы далейшага павышэння якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для інавацыйных вытворчасцей, развіцця руху WorldSkills у Беларусі, стварэння аптымальных умоў падрыхтоўкі нацыянальнай зборнай да ўдзелу ў міжнародных чэмпіянатах прафмайстэрства", - сказаў ён.

Паводле слоў міністра, пасля сістэмнага аналізу і абмеркавання вынікаў праведзенага міжнароднага чэмпіянату плануецца ўнесці змяненні ў існуючыя і распрацаваць новыя падыходы да падрыхтоўкі беларускай каманды да ўдзелу ў руху WorldSkills. "Мы плануем унесці карэкціроўкі ў праграму "Адукацыя і маладзёжная палітыка". У іх будуць улічаны ўсе патрэбнасці сістэмы прафтэхадукацыі ў святле ўдзелу ў руху WorldSkills", - сказаў на заканчэнне Ігар Карпенка.

Сёння на базе каледжа сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе праходзіць пасяджэнне рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта WorldSkills International у Беларусі, сустаршынямі якога з'яўляюцца міністр адукацыі Ігар Карпенка і міністр прамысловасці Віталь Воўк. На мерапрыемстве абмяркоўваюцца пытанні ўдзелу прадпрыемстваў у падрыхтоўцы ўдзельнікаў зборнай да выступлення на міжнародным чэмпіянаце WorldSkills, павышэння якасці падрыхтоўкі кадраў. У выніку пасяджэння будзе зацверджаны праект праграмы кадравага забеспячэння інавацыйнай эканомікі і развіцця руху WorldSkills, JuniorSkills на 2018-2021 гады.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі