Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 чэрвеня 2018, 16:57

Кароткачасовыя дажджы і навальніцы чакаюцца на бягучым тыдні ў Беларусі

11 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кароткачасовыя дажджы і навальніцы чакаюцца на бягучым тыдні ў Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Пераменная воблачнасць прагназуецца ў аўторак, 12 чэрвеня. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, удзень па ўсходзе Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Месцамі прагрымяць навальніцы. Вецер ноччу будзе няўстойлівы, днём заходні ўмераны, пры навальніцах парывісты. Тэмпература паветра ноччу і раніцай панізіцца да плюс 10-16 градусаў, у другой палавіне дня - 19-25 вышэй за нуль. Па паўднёвым усходзе цяплей: ноччу 17-18, днём - плюс 26-28.

У сераду і чацвер Беларусь будзе знаходзіцца ў асноўным у вобласці павышанага атмасфернага ціску, сфарміраванай ва ўмерана цёплай паветранай масе, у паўднёвых раёнах праявіцца ўплыў атмасфернага фронту, што перамяшчаецца па поўначы Украіны. Чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Толькі ў некаторых раёнах па поўдні магчымы кароткачасовыя дажджы, навальніцы. Вецер умераны, пры навальніцах парывісты. Уначы будзе 8-14 градусаў цяпла, днём - ад 20 цяпла па паўночным усходзе да плюс 28 па поўдні.

У пятніцу, 15 чэрвеня, пераважна без ападкаў, толькі па захадзе пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 9 да 16 градусаў цяпла. Днём будзе 22-29 вышэй за нуль, у заходніх раёнах, дзе прагназуецца шмат аблокаў, - плюс 18-21.

У выхадныя надвор'е будуць фарміраваць цёплыя няўстойлівыя паветраныя масы. У некаторых раёнах пройдуць кароткія летнія дажджы, навальніцы. Уначы чакаецца 12-18 градусаў цяпла, па ўсходзе месцамі плюс 9-11. Удзень прагназуецца ад 21 да 28 цяпла, у паўднёвых раёнах - 30-31 градус вышэй за нуль.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі