Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 лютага 2018, 14:33

Канцэпцыя развіцця электроннай аховы здароўя да 2022 года распрацавана ў Беларусі

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канцэпцыя развіцця электроннай аховы здароўя на перыяд да 2022 года распрацавана ў Беларусі, паведаміла БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

Паводле апошніх ацэнак СААЗ, больш за 60 працэнтаў краін рэалізуюць уласныя стратэгіі ў галіне электроннай аховы здароўя як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўні. У айчыннай канцэпцыі прадстаўлены асноўныя прынцыпы пабудовы сістэмы электроннай аховы здароўя і магчымасці для яе інтэграцыі ў агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму. Плануецца, што пры яе рэалізацыі ў рэспубліцы будзе створана цэнтралізаваная інфармацыйная сістэма аховы здароўя (ЦІСАЗ). Гэта створыць магчымасці для фарміравання і вядзення адзінага інфармацыйнага архіва пацыентаў і аператыўнага прадастаўлення медыцынскіх даных. Акрамя таго, будзе ўкаранёна сістэма інфармацыйнай падтрымкі клінічных рашэнняў.

ЦІСАЗ стане асноўным элементам электроннай аховы здароўя ў Беларусі. Яе стварэнне разглядаецца як адзін са складнікаў ІТ-трансфармацыі ўсёй галіны. Гэта будзе комплексны праект з пункту гледжання аб'яднання вылічальнай, інфармацыйнай і тэлекамунікацыйнай інфраструктуры.

Пры рэалізацыі канцэпцыі плануецца вырашыць некалькі ключавых задач. У тым ліку неабходна распрацаваць і прыняць адзіныя стандарты, даведнікі і фарматы абмену медыцынскай інфармацыяй. Завяршэнне комплекснай інфарматызацыі лячэбна-дыягнастычнага працэсу ў арганізацыях аховы здароўя дасць магчымасць ажыццявіць пераход да вядзення медыцынскіх дакументаў у электронным выглядзе. Плануецца весці інтэграваную (адзіную) электронную медыцынскую картку з выкарыстаннем лічбавага подпісу і прадастаўленнем аператыўнага доступу да яе. Акрамя таго, важна забяспечыць узаемадзеянне ўсіх суб'ектаў сістэмы аховы здароўя і прадаставіць шырокі спектр медыцынскіх электронных сэрвісаў.

У выніку рэалізацыі канцэпцыі чаканыя сацыяльна-эканамічныя і медыцынскія эфекты даволі высокія. Так, чакаецца зніжэнне смяротнасці і павелічэнне сярэдняй працягласці жыцця насельніцтва за кошт павышэння якасці аказання меддапамогі (у выніку ўкаранення сістэмы індыкатараў якасці меддапамогі і сістэмы падтрымкі прыняцця клінічных рашэнняў).

Мяркуецца, што павялічыцца час на прыём аднаго пацыента ўрачом-спецыялістам (за кошт зніжэння затрат часу на пошук неабходнай інфармацыі аб пацыенце, работу з цяжкачытаемымі папяровымі медыцынскімі дакументамі, а таксама за кошт падрыхтоўкі ўліковых і справаздачных дакументаў у аўтаматычным рэжыме і інш.). Змяншэнне кошту медпаслуг прывядзе да зніжэння фінансавых выдаткаў. Гэта адбудзецца шляхам скарачэння колькасці лішніх даследаванняў (лабараторных, функцыянальных і інш.) і іх дубліравання, пераходу на выкарыстанне лічбавых тэхналогій пры правядзенні гэтых даследаванняў, павышэння эфектыўнасці механізмаў фінансавага кантролю, зніжэння затрат на лекавае забеспячэнне.

Канцэпцыя накіравана на рэалізацыю задач, прадугледжаных Стратэгіяй развіцця інфарматызацыі ў Беларусі на 2016-2022 гады. Дакумент распрацаваны ў адпаведнасці з асновамі палітыкі і стратэгіі "Здароўе-2020", зацверджанымі Еўрапейскім рэгіянальным камітэтам СААЗ, і з рэкамендацыямі па стварэнні нацыянальнай стратэгіі электроннай аховы здароўя, прадастаўленымі СААЗ і Міжнародным саюзам электрасувязі.

Фінансавае забеспячэнне рэалізацыі канцэпцыі будзе ажыццяўляцца ў асноўным за кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, выдзеленаЙ па праекце "Мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя Рэспублікі Беларусь" на перыяд 2017-2022 гады. Да фінансавання асобных пунктаў плануецца прыцягнуць сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на інфарматызацыю аховы здароўя і фінансаванне дзяржпраграм.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі