Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 снежня 2018, 14:42

Канцэпцыя нулявога траўматызму будзе ўкараняцца ў Беларусі з 2019 года

7 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі пры падрыхтоўцы праекта новага генеральнага пагаднення паміж урадам, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў заклала асноўныя падыходы, якія будуць садзейнічаць пашырэнню канцэпцыі нулявога траўматызму ў краіне. Аб гэтым заявіла сёння журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дастойная праца мераецца не толькі заработнай платай, але і ўмовамі працы. У Беларусі за апошнія 10 гадоў значна зніжаны ўзровень траўматызму, але ў 2018 годзе ў параўнанні з 2017-м ён вырас. Прычыны гэтага мы аналізуем, - сказала Ірына Касцевіч. - Мы павінны перабудоўваць сваю работу ў бок прафілактыкі. У тым ліку праз пашырэнне канцэпцыі нулявога траўматызму. Гэта сем правіл, якія разбіты на асноўныя напрамкі: бяспека, гігіена працы і дабрабыт работніка на ўсіх узроўнях вытворчасці". Міністр удакладніла, што гэта канцэпцыя закладзена ў генпагадненне паміж урадам, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў. "У снежні генеральнае пагадненне будзе падпісана", - дадала Ірына Касцевіч.

Канцэпцыя распрацавана Міжнароднай асацыяцыяй сацыяльнага забеспячэння (МАСЗ) і запушчана ў Сінгапуры 4 верасня 2017 года на XXI Сусветным кангрэсе па бяспецы і гігіене працы. У яе аснову пакладзена прызнанне таго, што няшчасныя выпадкі на вытворчасці і прафесійныя захворванні не з'яўляюцца непазбежнымі - у іх заўсёды ёсць прычыны. А таму развіццё эфектыўнай культуры прафілактыкі дазваляе іх устараніць. Дарэчы, у Расіі з МАСЗ падпісаны ўжо адпаведны мемарандум аб прыхільнасці да канцэпцыі, Беларусь прапрацоўвае магчымасць падпісання такога дакумента.

Сёння ў Мінску праходзіць сумеснае пасяджэнне калегій міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны Беларусі і Расіі. Разглядаюцца пытанні ўдасканалення механізмаў папярэджання вытворчага траўматызму, стварэння і перспектыў развіцця інфармацыйных сістэм у сферы сацыяльнага забеспячэння ў абедзвюх краінах, а таксама ход выканання рашэнняў папярэдняга сумеснага пасяджэння калегій. "Мы таксама будзем абменьвацца вопытам выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў. Задача нашага міністэрства, як і ў Расійскай Федэрацыі, - мінімізаваць затраты чалавека па атрыманні дзяржаўных паслуг у сферы працоўных адносін", - адзначыла Ірына Касцевіч.

Такія сумесныя пасяджэнні праводзяцца з 2009 года, з'яўляючыся пляцоўкай абмену вопытам. Многія з тэм, якія абмяркоўваліся ў мінулыя гады, выліліся ў канкрэтныя рашэнні ў кожнай з дзяржаў. Беларусь у бягучым годзе зацвердзіла стратэгію ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый. Літаральна гэтымі днямі на нарадзе ў Прэзідэнта былі адобраны падыходы па ўдасканаленні аплаты працы ў бюджэтнай сферы. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўпершыню распрацавала прагнозны баланс працоўных рэсурсаў да 2023 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі