Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 чэрвеня 2018, 10:13

Каляндар прафілактычных прышчэпак абноўлены ў Беларусі

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак абноўлены ў Беларусі. Адпаведная пастанова Міністэрства аховы здароўя нумар 42 ад 17 мая 2018 года апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.

У нацыянальны каляндар прышчэпак уваходзяць 11 вакцынацый супраць віруснага гепатыту В, туберкулёзу, пнеўмакокавай інфекцыі, дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, гемафільнай інфекцыі, адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі, поліяміэліту, грыпу.

Дакументам таксама зацверджаны пералік прафілактычных прышчэпак па эпідэмічных паказаннях з 18 пунктаў.

Прафілактычныя прышчэпкі, уключаныя ў нацыянальны каляндар, праводзяцца ў вызначаныя перыяды жыцця незалежна ад эпідэміялагічнай сітуацыі для стварэння спецыфічнай неўспрыімлівасці арганізма да адпаведных інфекцыйных захворванняў.

Пад эпідэмічнымі паказаннямі маецца на ўвазе: знаходжанне ў кантакце з пацыентам, які пакутуе на інфекцыйнае захворванне (падазрэнне на яго); наяўнасць рызыкі інфіцыравання ўзбуджальнікамі пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці; наяўнасць ва ўмовах нестабільнай санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкі ў Беларусі або на тэрыторыі яе асобных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а таксама на тэрыторыі іншых дзяржаў рызыкі інфіцыравання; наяўнасць пры магчымым заносе інфекцыйных захворванняў на тэрыторыю Беларусі рызыкі інфіцыравання ўзбуджальнікамі інфекцыйных захворванняў; наяўнасць захворванняў (станаў), пры якіх інфіцыраванне ўзбуджальнікамі можа прывесці да ўскладненага іх працякання або лятальнага канца.

Прафілактычныя прышчэпкі праводзяцца ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, а таксама ў недзяржаўных арганізацыях аховы здароўя, якія маюць спецыяльны дазвол (ліцэнзію) на медыцынскую дзейнасць, выдадзены ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Інфармацыя аб правядзенні прафілактычнай прышчэпкі ўносіцца ў медыцынскія дакументы пацыента медыцынскім работнікам, які непасрэдна яе выканаў. Пры адмове пацыента ад правядзення прафілактычнай прышчэпкі лечачы ўрач павінен растлумачыць магчымыя наступствы. Рашэнне афармляецца запісам у медыцынскіх дакументах пацыента і падпісваецца пацыентам і лечачым урачом.

Прафілактычныя прышчэпкі ажыццяўляюцца з улікам паказанняў і проціпаказанняў да іх правядзення, у строгай адпаведнасці з інструкцыяй па медыцынскім прымяненні, што прыкладаецца да імунабіялагічнага лекавага сродку. Перад правядзеннем прафілактычнай прышчэпкі ўрач-спецыяліст праводзіць медыцынскі агляд і фіксуе яго вынікі ў медыцынскіх дакументах. На працягу 30 хвілін пасля ўвядзення імунабіялагічнага лекавага сродку неабходна назіранне за пацыентам.

Дакумент уступае ў сілу пасля апублікавання. Папярэднія пастановы ад 18 ліпеня 2012 года нумар 106 і ад 12 лютага 2016 года нумар 25 прызнаны страціўшымі сілу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі