Поўная версія

Качанава наведала праблемную гаспадарку "Глыбачаны" і даручыла ўзяць сітуацыю пад строгі кантроль

Грамадства 11.08.2017 | 20:02
Старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава і выконваючы абавязкі дырэктара КУСГП "Глыбачаны" Сяргей Міхаль
Старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Аўдошка, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава і выконваючы абавязкі дырэктара КУСГП "Глыбачаны" Сяргей Міхаль

11 жніўня, Ушацкі раён /Кар. БЕЛТА/. Сітуацыя на праблемным камунальным унітарным сельскагаспадарчым прадпрыемстве "Глыбачаны" ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці будзе ўзята пад строгі кантроль. Аб гэтым заявіла ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава па выніках наведвання гэтага прадпрыемства.

КУСГП Глыбачаны

"Сказаць, што гэта праблемная гаспадарка, значыць, не сказаць нічога. Сапраўды, сітуацыя вельмі складаная, нягледзячы на тое, што тут няма праблем з палівам, ёсць дзве зернесушылкі, гаспадарка ўкамплектавана механізатарамі, хоць 50 працэнтаў - гэта прыцягнутыя людзі з іншых арганізацый. Разам з тым тут абсалютна няма культуры вытворчасці, усё ў занядбаным стане", - канстатавала Наталля Качанава.

КУСГП Глыбачаны

Усяго ў раёне восем сельгаспрадпрыемстваў, адно з іх знаходзіцца ў стадыі банкруцтва. Другое, некалі моцнае, практычна развальваецца. "Трэба разбірацца. Сёння пагавару з міністрам сельскай гаспадаркі, з віцэ-прэм'ерам, які курыруе гэтыя пытанні, падключым усіх сюды, губернатару будзе пастаўлена задача. Трэба наводзіць парадак, - сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Землі ёсць, але яны ўсё закінуты. У мяне склалася вельмі дрэннае ўражанне".

КУСГП Глыбачаны

У сельгаспрадпрыемстве "Глыбачаны" ў першую чаргу неабходна навесці элементарны парадак, падкрэсліла Наталля Качанава. Тады, паводле яе слоў, у людзей будзе больш жадання і імкнення працаваць на вынік. Акрамя таго, неабходна вызначыцца з напрамкамі. "Дакладна пастаўлена задача: Віцебская вобласць - гэта перш за ўсё гадоўля кароў, нарыхтоўка кармоў, малако. Гэта тая рэнтабельная прадукцыя, якая сёння дае прыбытак", - сказала кіраўнік Адміністрацыі. Якіх вынікаў можна чакаць, калі з мясцовай фермы гадамі жывёлу вывозілі, а трэба ж прырастаць.

КУСГП Глыбачаны

"Зыходзячы з гэтага людзі тут атрымліваюць вельмі нізкую зарплату, чаго быць не павінна. Усе гэтыя пытанні трэба вырашаць у комплексе", - падкрэсліла Наталля Качанава.

Акрамя таго, неабходна больш увагі ўдзяляць навучанню работнікаў, дадала яна. Важна, каб на сельгаспрадпрыемстве былі свае механізатары, якія будуць зацікаўлены тут працаваць.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава размаўляе з работнікам прадпрыемства

У той жа час Наталля Качанава з задавальненнем канстатавала, што ў "Глыбачанах" працуюць людзі, якія дбаюць аб родным прадпрыемстве і перажываюць за яго будучыню. З некаторымі работнікамі кіраўнік Адміністрацыі паразмаўляла асабіста. У прыватнасці, тут праходзіць практыку студэнт сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, у будучым ён плануе прыйсці сюды на пастаянную работу.

Адказваючы на пытанне, ці будзе Наталля Качанава і далей наведваць такія праблемныя сельгаспрадпрыемствы, яна адказала: "Адназначна". У працяг гэтага кіраўнік Адміністрацыі нагадала, што Прэзідэнт на селектарнай нарадзе дакладна паставіў задачу: кіраўнік раёна павінен займацца перш за ўсё такімі праблемнымі прадпрыемствамі. Добрыя прадпрыемствы працуюць якасна, там моцныя кіраўнікі. "І такіх шмат у нас па краіне. Я была ў Брэсцкай вобласці, бачыла такія прадпрыемствы, дзе і культура вытворчасці, і чысціня, і парадак, і добрыя палі. Трэба займацца менавіта такімі праблемнымі прадпрыемствамі", - рэзюмавала яна, дадаўшы, што сітуацыя ў "Глыбачанах" будзе выпраўлена.-0-

Фота Андрэя Пакумейкі.

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія