Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 снежня 2018, 16:51

Качанава: мясцовай уладзе варта больш прыслухоўвацца да ініцыятыў актыўных грамадзян

7 снежня, Навагрудак /Кар. БЕЛТА/. Актыўныя і неабыякавыя жыхары здольны дапамагчы мясцовай уладзе ў вырашэнні актуальных пытанняў. Такое меркаванне сёння выказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава ў час выязнога прыёму грамадзян у Навагрудскім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сустрэчу з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта запісаліся больш за 30 чалавек з розных рэгіёнаў. Тэмамі для абмеркавання былі як асабістыя пытанні, так і просьбы вырашыць праблемы з будаўніцтвам і эксплуатацыяй жылля, бізнес-аб'ектаў.

Пенсіянер з Навагрудка звярнуў увагу на пытанні навядзення парадку каля прыватных дамоў, эканоміі і дбайнага выкарыстання мясцовых відаў паліва, уключэння ў абарот будынкаў і збудаванняў, што не выкарыстоўваюцца. Узняў пенсіянер і не самую сур'ёзную, на першы погляд, праблему: у некаторых мясцовых установах у санвузлах лілася вада, у памяшканнях, нягледзячы на яркі дзень, гарэла святло. А з такіх дробязей, лічыць заяўнік, складваюцца вялікія траты.

Наталля Качанава адзначыла, што такія неабыякавыя людзі шмат у чым дапамагаюць падтрымліваць дысцыпліну і парадак. Але і кіраўнікі на месцах не павінны праяўляць абыякаваць да такіх пытанняў, неабходна больш прыслухоўвацца да актыўных жыхароў.

"Мясцовым уладам неабходна сустракацца з жыхарамі раёнаў або гарадоў, даваць справаздачы аб тым, што зроблена, а што не, і па якой прычыне, расказваць, куды накіраваны тыя ці іншыя сродкі. Работа ў такім фармаце павінна быць рэгулярнай", - падкрэсліла яна. Знаходзіць магчымасці для таго, каб сустрэцца з людзьмі, абавязаны не толькі прадстаўнікі выканаўчай улады, але і кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Прычым яны павінны не проста пачуць чалавека, а вырашыць яго пытанне.

Для ініцыятыў ад людзей, грамадскіх арганізацый дзверы гар- і райвыканкамаў павінны быць адкрыты, дадала Наталля Качанава. На прыёме, у прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з правядзеннем Года малой радзімы. На думку тых, хто запісаўся на прыём, важна актыўней прыцягваць грамадзян да добраўпарадкавання, навядзення парадку.

"Многія з узнятых сёння пытанняў маглі бы быць вырашаны на месцах. І, калі б людзей пачулі, ім не давялося б ісці на прыём на больш высокі ўзровень", - сказала Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што недапушчальныя факты, калі людзі скардзяцца, што не змаглі трапіць на сустрэчу з чыноўнікам у раёне або вобласці.

Звярнуліся за дапамогай да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта ўдовы воінаў-інтэрнацыяналістаў з Навагрудка. Некалі іх сем'і атрымалі сацыяльнае жыллё, цяпер мужоў няма, а ўдовы і дзеці не могуць прыватызаваць жыллё, ёсць праблемы з паляпшэннем жыллёвых умоў. Пытанне стане тэмай дадатковага абмеркавання. Сітуацыю вывучаць у разрэзе ўсёй краіны.

Дэталёва разбяруцца і з ходам расследавання некаторых крымінальных спраў - з такімі просьбамі звярнуліся жыхары з некалькіх рэгіёнаў.

Традыцыйна паступалі пытанні, якія датычацца будаўніцтва і рамонту дарог, функцыянавання ЖКГ. Усе яны стануць тэмай дадатковага разгляду.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі