Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 лістапада 2019, 10:01

Імёны амаль 620 чалавек знаходзяцца ў банку даных таленавітай моладзі Беларусі

20 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У банку даных таленавітай моладзі Беларусі на гэты момант змешчана інфармацыя пра 618 чалавек. Аб гэтым паведаміла 19 лістапада кансультант упраўлення прафесійнага мастацтва галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Людміла Манакова на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

У Беларусі для садзейнічання развіццю таленавітай моладзі вядзецца спецыяльная база. "У 2019 годзе банк даных таленавітай моладзі папоўніўся 124 новымі імёнамі і назвамі 11 творчых калектываў. На лістапад бягучага года ў гэтай базе змешчаны даныя аб 618 маладых грамадзянах і 208 творчых калектывах", - сказала Людміла Манакова. А ў архіве базы змешчана інфармацыя пра больш як 2 тыс. чалавек. У банк даных уключаецца інфармацыя аб лаўрэатах, стыпендыятах і дыпламантах спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама аб асобах, якія з'яўляюцца пераможцамі і прызёрамі міжнародных і рэспубліканскіх мастацкіх і творчых мерапрыемстваў, спаборніцтваў, тэле- і радыёпраектаў.

Спецыяльны фонд заснаваны і дзейнічае для фінансавання мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ўмоў для пошуку, станаўлення і развіцця таленавітай моладзі. За 23,5 года яго існавання лаўрэатамі, стыпендыятамі і дыпламантамі фонду сталі больш як 4 тыс. чалавек і амаль 290 калектываў. "У тым ліку ў 2018 годзе - першай палавіне 2019-га заахвочванні атрымалі 254 чалавекі і 15 калектываў. Лаўрэаты спецыяльнага фонду дастойна прадстаўляюць нашу рэспубліку на міжнародным узроўні", - дадала Людміла Манакова. У якасці прыкладаў яна прывяла конкурсы "Славянскага базару ў Віцебску", конкурс оперных спевакоў "Апералія", конкурс маладых піяністаў Grand Piano Competition, міжнародны конкурс акардэаністаў у Літве.

Многія лаўрэаты спецыяльнага фонду сталі паспяховымі ў сваёй творчай прафесіі, яны запатрабаваны ў тым ліку за мяжой. Адзін з самых яркіх прыкладаў - вядучы саліст, тэнар Вялікага тэатра Беларусі Павел Пятроў, які пасля трыумфу на конкурсе "Апералія" ў Лісабоне і атрымання прэміі Zarzuela імя Пласіда Дамінга запатрабаваны на прэстыжных оперных пляцоўкай свету.

На думку Людмілы Манаковай, вельмі важна інфармаваць насельніцтва - моладзь, дзяцей і іх бацькоў - аб усіх магчымасцях для творчай самарэалізацыі і існуючых у дзяржаве мерах падтрымкі юных і маладых талентаў. "Дзеці і іх бацькі павінны разумець, што і як можа садзейнічаць творчаму развіццю", - рэзюмавала спецыяліст.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі