Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 сакавіка 2018, 14:50

Грамадскія аб'яднанні Беларусі абмеркавалі з дэпутатамі папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах

6 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў абмеркавалі з дэпутатамі папраўкі ў законапраект "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Беларусі па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў". Сустрэча адбылася сёння ў Палаце прадстаўнікоў па ініцыятыве парламентарыяў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік рабочай групы па дапрацоўцы законапраекта, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Валерый Саўко адзначыў, што на сустрэчу запрасілі ўсіх зацікаўленых, каб выслухаць прапановы. "Наша мэта - дапрацаваць законапраект і зрабіць яго аптымальным", - сказаў ён.

У кастрычніку мінулага года законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні, цяпер рыхтуецца да другога. Нормы дакумента, нагадаў Валерый Саўко, накіраваны на далейшае ўдасканаленне прававога рэгулявання адносін у сферы арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Прапануецца, у прыватнасці, увесці паведамляльны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў у пастаянных месцах, вызначаных для гэтага мясцовымі ўладамі. Плануецца прадугледзець шэраг мер, накіраваных на забеспячэнне грамадскага парадку і бяспекі. Размова ідзе пра дадатковыя патрабаванні да арганізатараў масавага мерапрыемства, павышэнне ўзроўню адказнасці палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў. Законапраект устанаўлівае дакладны пералік прадметаў, якія забаронена праносіць на масавае мерапрыемства.

Акрамя таго, праект закона змяшчае нормы, накіраваныя на ўрэгуляванне працэдуры адклікання заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства. Яшчэ адно з важных новаўвядзенняў адносіцца да работы на масавых мерапрыемствах журналістаў. Пасля ўступлення паправак у сілу яны абавязаны будуць мець пры сабе дакумент, што засведчвае асобу, і службовае пасведчанне.

Удзельнікі сустрэчы ўнеслі свае прапановы, якія датычыліся, напрыклад, удакладнення паняційнага апарату, спагнання платы за аказанне паслуг па ахове грамадскага парадку, медыцынскім абслугоўванні і прыбіранні тэрыторыі пасля масавага мерапрыемства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі