Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 чэрвеня 2019, 15:45

Еўрапейскія гульні ўзмоцняць цікавасць да масавага спорту ў краіне - Елісееў

25 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску ўзмоцняць цікавасць да масавага спорту ў краіне. Такое меркаванне ў размове з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў прэзідэнт Еўрапейскай і Усерасійскай федэрацый самба Сяргей Елісееў.

"Лічу, што гэта дасць магчымасць Беларусі зрабіць скачок у развіцці спорту. Пасля гэтых гульняў вельмі шмат дзяцей прыйдуць займацца ў розныя секцыі, - лічыць Сяргей Елісееў. - Любое такое комплекснае мультыспартыўнае мерапрыемства дае ўсплёск развіццю спорту ў краіне".

Прэзідэнт Еўрапейскай і Усерасійскай федэрацый самба ўпэўнены, што інвестыцыі ў правядзенне гульняў стануць укладаннямі на доўгі перыяд. Няхай яны акупяцца не адразу, але праз некалькі гадоў вынік будзе - здаровае пакаленне. А чалавек, які займаецца спортам, сур'ёзны, дысцыплінаваны і законапаслухмяны. "Спорт - гэта дзяржаўная задача, - адзначыў Сяргей Елісееў. - Бачна, што тут да гэтага так і ставяцца. Прыемна, што такое разуменне сфарміравана на ўсіх узроўнях".

Што датычыцца самба, адносіны да гэтага віду спорту ў Беларусі выдатныя, лічыць прэзідэнт федэрацый. Тут свае традыцыі і чэмпіёны, праходзіць мноства мерапрыемстваў, сярод іх штогадовы міжнародны турнір катэгорыі "А" - Адкрыты чэмпіянат Беларусі на прызы Прэзідэнта.

Спаборніцтвы па самба ў час ІІ Еўрапейскіх гульняў праходзілі ў Палацы спорту. "У гэтай зале мы шмат спаборніцтваў праводзілі. Але цяпер - быццам я прыйшоў у зусім новую залу. Бачна, што сур'ёзна папрацавалі і падрыхтаваліся да гульняў, стварылі свята для народа", - сказаў Сяргей Елісееў.

ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску праходзяць па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. спартсменаў з 50 дзяржаў спаборнічаюць у 15 відах спорту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі