Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 лістапада 2018, 14:15

Дзяржстандарт на клінінгавыя паслугі можа з'явіцца ў Беларусі

8 лістапада, Мінск /Вера Сяргеева - БЕЛТА/. Дзяржаўны стандарт на паслугі прафесійнага прыбірання памяшканняў прапануецца распрацаваць у Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Ірына Асмола.

"У Дзяржстандарт звяртаюцца арганізацыі з прапановай распрацаваць стандарт на клінінгавыя паслугі, або паслугі прафесійнага прыбірання памяшканняў. Такая магчымасць разглядаецца. Сёння ў Беларусі няма стандарту, які вызначае патрабаванні да якасці такіх паслуг. У той жа час многія буйныя арганізацыі сутыкнуліся з іх няякасным аказаннем. Пры гэтым лепш за ўсё, калі будзе праводзіцца і незалежная ацэнка на адпаведнасць гэтаму стандарту, якая пацвярджае здольнасць кампаніі якасна выконваць заяўленыя паслугі", - расказала Ірына Асмола.

У Беларусі дзейнічаюць 147 дзяржаўных стандартаў, якія ўстанаўліваюць патрабаванні да якасці паслуг. Гэта рамонт бытавой тэхнікі, чыгуначных саставаў, турысцкія, лагістычныя паслугі, паслугі пральняў, электрасувязі і г.д. Пры гэтым пад абавязковую сертыфікацыю падпадаюць толькі тры віды паслуг - па рамонце і тэхнічным абслугоўванні гульнявых аўтаматаў, падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы вадзіцеляў транспартных сродкаў, а таксама шэраг паслуг у будаўнічай сферы.

Ірына Асмола адзначыла скарачэнне колькасці заявак на добраахвотную сертыфікацыю паслуг цырульняў, пральняў, па рамонце бытавой тэхнікі, сотавых тэлефонаў. "Засталася станоўчая тэндэнцыя добраахвотнай сертыфікацыі гасцінічных, турыстычных паслуг і паслуг па рамонце аўтатранспартных сродкаў. Суб'екты, якія прайшлі гэту працэдуру, разумеюць, што сертыфікат адпаведнасці - гэта паказчык канкурэнтаздольнасці і якаснага аказання паслугі", - дадала яна.

Сёння адзначаецца Сусветны дзень якасці. З 5 па 11 лістапада пад дэвізам "Якасць - гэта поспех!" праходзіць Еўрапейскі тыдзень якасці. Арганізацыі Дзяржстандарту Беларусі за тыдзень маюць намер правесці больш за 60 мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэта дзелавыя сустрэчы, круглыя сталы, семінары з арганізацыямі харчовай, лёгкай, будаўнічай і іншых галін па актуальных пытаннях прымянення тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС, метралагічнай дзейнасці, функцыянавання сістэм менеджменту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі