Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 снежня 2015, 12:14

Дзіцячы сад на 190 месц адкрыюць 15 снежня ў Мінску

14 снежня, Мінск /Аксана Каруна - БЕЛТА/. Дзіцячы сад нумар 28 адкрыюць 15 снежня ў Мінску, паведаміў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык сёння на аператыўнай нарадзе ў мэрыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Новая дзіцячая дашкольная ўстанова на 190 месц раскрые свае дзверы ў Цэнтральным раёне, удакладніў Міхаіл Мірончык. У гэтым жа раёне на 29 снежня запланавана адкрыццё дзіцячага сада нумар 32 на 100 месц. Установа адукацыі ўзведзена за сродкі замежнай бязвыплатнай дапамогі Рэспублікі Славенія.

Адкрыццё дзіцячых садоў прымеркавана да дабрычыннай навагодняй акцыі "Нашы дзеці", якая праходзіць у Беларусі з 10 снежня 2015 года па 10 студзеня 2016 года.

Кіраўнік профільнага камітэта мэрыі інфармаваў, што гарадское дабрачыннае навагодняе свята адбудзецца 28 снежня ў Беларускім дзяржаўным цырку. На традыцыйны баль, які праходзіць пад патранатам мэра горада, запрошаны 1,5 тыс. дзяцей сталіцы. У бягучым годзе ў рамках міжнароднага супрацоўніцтва на гарадское свята прыбудуць міжнародныя дэлегацыі з Кішынёва, Тбілісі і Санкт-Пецярбурга. Дабрачыннае навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі 24 снежня ад Мінска наведаюць 1570 дзяцей. Таксама запрошаны вучні беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны (Вільнюс) і Рыжскай беларускай школы. Міхаіл Мірончык падкрэсліў, што ў час акцыі "Нашы дзеці" навагоднія ранішнікі пройдуць ва ўсіх установах адукацыі Мінска. У кожным раёне горада для дзяцей арганізуюць навагоднія святы з удзелам кіраўніцтва адміністрацый раёнаў, прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый, спонсараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі