Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 снежня 2017, 17:13

Дзесяцікласнік з Гомеля стаў самым фінансава дасведчаным школьнікам у Беларусі

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прайшоў сёння ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пераможцам алімпіяды па фінансавай дасведчанасці ў 2017 годзе стаў Кірыл Чыгвінцаў з Гомеля. Кірыл вучыцца ў 10-м класе школы нумар 38. Самаму фінансава дасведчанаму старшакласніку Беларусі ўручаны дыплом I ступені і каштоўны прыз - планшэт. Серабро алімпіяды ў выглядзе дыплома II ступені і смартфона заваявала Алена Папруга з Рассветаўскай сярэдняй школы (Гомельская вобласць). Дыплом III ступені і фотаапарат дастаўся Юрыю Сярову, які вучыцца ў сярэдняй школе нумар 95 Мінска.

Перад пачаткам алімпіяды школьнікам пажадаў удачы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц. "У гэтай зале сёння сабраліся самыя адукаваныя ў фінансавым плане маладыя людзі нашай краіны, якія дастойна пераадолелі шматступеньчатую сістэму адбору і заслужана знаходзяцца ў ліку фіналістаў. Гэта ўжо само па сабе значнае дасягненне. Не сумняваюся, што фінансавыя веды спатрэбяцца вам у любым выпадку: незалежна ад будучай прафесійнай адукацыі, выбранай спецыяльнасці і роду дзейнасці яны дадуць вам магчымасць упэўнена арыентавацца ў існуючай разнастайнасці фінансавых прадуктаў і паслуг, прымаць усвядомленыя фінансавыя рашэнні і разумна распараджацца ўласным бюджэтам. А гэта дасць вам магчымасць упэўнена адчуваць сябе ў дарослым свеце і з поспехам клапаціцца аб дабрабыце сваіх сем'яў", - падкрэсліў ён.

У бягучым годзе ў алімпіядзе прыняла ўдзел рэкордная колькасць школьнікаў - амаль 32 тыс. Пашырыць кола ўключаных у мерапрыемства вучняў дапамагло ўвядзенне дадатковага пачатковага этапу, да якога далучыліся больш за 2,3 тыс. школ, або тры чвэрці дзеючых у Беларусі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Раней алімпіяда праводзіліся ў тры этапы: раённы (гарадскі), абласны (Мінскі гарадскі) і рэспубліканскі. Колькасць удзельнікаў у 2016 годзе склала амаль 5 тыс.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай дасведчанасці сярод вучняў 10-11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі з 2014 года. Алімпіяда з'яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці. Асноўная яе мэта - папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў вучняў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё новых форм прафарыентацыйнай работы.-0-

Фота Ягора Паўлюшчыка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі