Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
22 чэрвеня 2017, 12:36

Дні беларускай навукі, інавацый, інвестыцый пройдуць 5-6 ліпеня ў Астане на пляцоўцы "ЭКСПА-2017"

22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дні беларускай навукі, інавацый, інвестыцый пройдуць 5-6 ліпеня ў Астане на Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "ЭКСПА-2017". Такая інфармацыя размешчана на сайце Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Вядучыя спецыялісты і вучоныя арганізацый НАН Беларусі 5-6 ліпеня прадставяць 8 дакладаў па напрамках дзейнасці НАН, адпаведных тэматыцы выстаўкі "ЭКСПА-2017" - "Энергія будучага". У падрыхтоўчы перыяд арганізацыі НАН праводзяць папярэднюю работу па запрашэнні патэнцыяльных партнёраў з Казахстана і іншых краін для ўдзелу ў Днях беларускай навукі, інавацый, інвестыцый.

Мэта правядзення гэтага мерапрыемства - прэзентацыя перспектыўных напрамкаў навуковых даследаванняў Беларусі, абмен вопытам і правядзенне перагавораў паміж дзеючымі і патэнцыяльнымі партнёрамі з Беларусі і Казахстана для сумеснага вырашэння навукова-тэхналагічных задач і камерцыялізацыі інавацыйных распрацовак. Абмеркаванне будзе датычыцца такіх навуковых сфер, як развіццё энергетыкі будучага, выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, зялёная эканоміка, ахова навакольнага асяроддзя, экалогія чалавека, патэнцыял медыцынскай навукі, экалагічная сельская гаспадарка, новыя матэрыялы і тэхналогіі, прагрэсіўныя тэхналогіі пошуку вуглевадароднай сыравіны.

У Днях беларускай навукі, інавацый, інвестыцый прымуць удзел 7 арганізацый НАН Беларусі: НПЦ па матэрыялазнаўстве, НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі, НПЦ па біярэсурсах, Інстытут цепла- і масаабмену, Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі, Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў, Фізіка-тэхнічны інстытут.

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "ЭКСПА-2017" праходзіць у Астане (Казахстан) з 10 чэрвеня па 10 верасня. Асноўная мэта "ЭКСПА-2017" - інфармаванне аб неабходнасці стварэння палітыкі і рашэнняў, накіраваных на развіццё ўстойлівай энергетыкі з мэтай забеспячэння аптымальнай мадэлі энергетычнага будучага планеты. Развіццё тэмы ажыццяўляецца з дапамогай трох падтэм: зніжэнне выкідаў вуглякіслага газу, энергаэфектыўны лад жыцця, энергія для ўсіх. Уся экспазіцыя аб'яднана адзінай стратэгічнай задачай дэманстрацыі наведвальнікам неабходнасці іх актыўнага ўдзелу ў распрацоўцы і ажыццяўленні плана энергазберагальнай вытворчасці і эфектыўнага выкарыстання энергетычных рэсурсаў. Пры фарміраванні Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі на "ЭКСПА-2017" выкарыстоўвалася інфармацыя па 54 распрацоўках НАН у галіне энергетыкі, экалогіі і энергазберажэння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі