Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 чэрвеня 2019, 12:21

Дэпутаты прынялі ў першым чытанні законапраект аб узмацненні аховы персанальных даных

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дэпутаты прынялі сёння ў першым чытанні праект закона "Аб персанальных даных", які прызначаны ўзмацніць ахову такіх даных, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Законапраект парламентарыям прадставіў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў. У размове з журналістамі ён адзначыў, што дакумент прадугледжвае ўвядзенне шэрага важных тэрмінаў, у тым ліку азначэння персанальных даных. Яно сфармулявана з улікам палажэнняў Канвенцыі Савета Еўропы аб абароне фізічных асоб адносна аўтаматызаванай апрацоўкі персанальных даных.

Распрацоўшчыкі праекта вызначылі кола звестак, якія прызнаюцца персанальнымі данымі. Гэта любая інфармацыя, якая адносіцца да ідэнтыфікаванай фізічнай асобы або фізічнай асобы, якая можа быць ідэнтыфікавана на падставе такой інфармацыі.

У праекце дакладна замацаваны агульныя патрабаванні да дзеянняў з персанальнымі данымі. Важнай навелай закона павінна стаць замацаванне магчымасці ў электроннай форме атрымаць згоду фізічных асоб на пэўныя дзеянні з іх персанальнымі данымі. Па дзеючым заканадаўстве аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі такая згода можа быць дадзена толькі ў пісьмовай форме. "У шэрагу выпадкаў гэта стварае сур'ёзныя бар'еры для суб'ектаў гаспадарання, таму што атрымаць гэту пісьмовую згоду вельмі складана", - канстатаваў дырэктар НЦЗПД.

Уступленне асноўных палажэнняў закона ў сілу плануецца праз год пасля яго афіцыйнага апублікавання. "Гэта час для таго, каб мы яшчэ раз сур'ёзна прадумалі пытанне яго практычнага ўкаранення, вызначыліся з упаўнаважаным органам па ахове персанальных даных", - растлумачыў Вадзім Іпатаў. Акрамя таго, на працягу года да ўступлення ў сілу плануецца ўрэгуляваць пытанні з адміністрацыйнай, крымінальнай адказнасцю за парушэнні. Аўтары законапраекта аналізавалі міжнародны вопыт, у прыватнасці ЕС, дзе памеры штрафаў вельмі вялікія. Аднак у поўным аб'ёме яны яшчэ не прымяняліся, паколькі гэта можа прывесці да банкруцтва юрыдычнай асобы. Работа накіравана перш за ўсё на прафілактыку і папярэджанне, што адпавядае беларускай практыцы.

Як паведамлялася, праект закона "Аб персанальных даных" - першы ў Беларусі нарматыўны прававы акт, які комплексна рэгламентуе парадак абыходжання з персанальнымі данымі. Законапраект прызначаны забяспечыць абарону правоў і свабод грамадзян пры зборы, апрацоўцы, распаўсюджванні або прадастаўленні іх персанальных даных.

Прадугледжваецца, што персанальныя даныя будуць падзелены на дзве катэгорыі. Да першай плануецца адносіць агульнадаступныя (напрыклад, распаўсюджаныя самім суб'ектам персанальных даных), якія не падлягаюць ахове. Да другой - спецыяльныя, у тым ліку біяметрычныя (напрыклад, пол, палітычныя або рэлігійныя перакананні, судзімасць, дактыласкапічная інфармацыя). Такія звесткі падлягаюць дадатковай ахове.

Праект закона прадугледжвае шэраг правоў грамадзян адносна іх персанальных даных. Напрыклад, права адклікання згоды на збор, апрацоўку (за выключэннем абязлічвання), распаўсюджванне, прадастаўленне іх персанальных даных. Чалавек таксама мае права ў любы час патрабаваць ад аператараў спыніць любыя дзеянні з яго персанальнымі данымі (зноў жа акрамя абязлічвання), калі для гэтага няма законных падстаў.

Асобае месца ў механізме забяспечэння абароны належыць праву на атрыманне інфармацыі аб прадастаўленні персанальных даных трэцім асобам. Гэта дасць магчымасць чалавеку мець поўнае ўяўленне аб дзеяннях з яго данымі. Па агульным правіле, такія звесткі можна будзе атрымаць адзін раз на працягу года.

Стварэнне ўпаўнаважанага органа - адна з найбольш важных мер для забеспячэння абароны правоў грамадзян, кантролю за выкананнем заканадаўства, аказання кансультатыўнай дапамогі. Акрамя таго, неабходнасць стварэння такога органа вынікае з абноўленай рэдакцыі Канвенцыі Савета Еўропы аб абароне фізічных асоб адносна аўтаматызаванай апрацоўкі персанальных даных.

У законапраекце раскрываюцца прынцыпы законнасці, канкрэтнасці і абгрунтаванасці мэт збору, апрацоўкі, распаўсюджвання, прадастаўлення персанальных даных і гэтак далей. Дзеянні з імі толькі тады будуць прызнавацца законнымі, калі будуць адпавядаць усім гэтым прынцыпам. Базавай умовай ажыццяўлення якіх-небудзь дзеянняў з персанальнымі данымі будзе атрыманне згоды грамадзяніна (суб'екта персанальных даных), якая павінна быць свабоднай, канкрэтнай і інфармаванай. У той жа час праектам закона вызначаецца пералік выпадкаў, калі збор, апрацоўка, распаўсюджванне, прадастаўленне персанальных даных будуць дапускацца без згоды грамадзян. Напрыклад, для мэт вядзення адміністрацыйнага, крымінальнага працэсу, кантролю (нагляду) у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі