Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 красавіка 2017, 17:36

Дажджы і мокры снег чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дажджы і мокры снег чакаюцца ў Беларусі ў выхадныя, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.

"На бягучым тыдні скандынаўскі антыцыклон абумовіў у Беларусі халоднае, але пераважна без ападкаў надвор'е. Тэмпературны фон панізіўся і адпавядае другой палавіне сакавіка. Але антыцыклон адступае, і ўжо заўтра ўдзень надвор'е пачне змяняцца, але на цяпло ў бліжэйшыя дні пакуль разлічваць не даводзіцца", - сказала сіноптык.

У пятніцу ўначы будзе ў асноўным без ападкаў, а раніцай і ўдзень па паўночна-заходняй частцы Беларусі, дзе праявіцца ўплыў атмасфернага фронту, что перамяшчаецца з краін Балтыі, чакаюцца ападкі (дождж, магчымы мокры снег) і моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы пры невялікай воблачнасці панізіцца да 1-7 градусаў марозу. Удзень неба зацягне аблокамі, і дзённыя максімумы складуць 4-10 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да плюс 12 градусаў.

У суботу надвор'е ў краіне будуць вызначаць франтальныя раздзелы цыклону, шлях якога пройдзе па поўначы Еўропы, чакаецца некамфортнае і ветранае надвор'е. У многіх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, раніцай і ўдзень па паўночным захадзе з мокрым снегам. На большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаецца моцны парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-6 градусаў вышэй за нуль, удзень - 4-11 градусаў цяпла.

У нядзелю надвор'е будуць вызначаць атмасферныя франты і больш халодныя паветраныя масы. Уначы пераважна ў паўночна-ўсходніх і паўднёва-заходніх раёнах, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, удзень - не вышэй за 3-10 градусаў цяпла.

У панядзелак, 24 красавіка, захаваецца няўстойлівае надвор'е, уначы па паўночна-ўсходняй частцы краіны пройдуць невялікія ападкі (дождж, мокры снег). Удзень у заходніх раёнах Беларусі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў, удзень - 5-11 градусаў цяпла.

У аўторак на тэрыторыю Беларусі пачнуць перамяшчацца цёплыя вільготныя паветраныя масы з паўднёвага захаду Еўропы, у паўночна-заходніх рэгіёнах краіны праявіцца ўплыў атмасферных франтоў. Пераважна ў паўночна-заходніх раёнах пройдуць дажджы. Стане цяплей: тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, удзень павысіцца да 10-17 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі