Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
18 снежня 2017, 15:13

Да 12 градусаў марозу чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Да 12 градусаў марозу чакаецца ў Беларусі на бягучым тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На бягучым тыдні ў Беларусі будзе пераважаць зімовы характар надвор'я з ападкамі пераважна ў выглядзе снегу і адмоўнымі тэмпературамі", - сказалі ў Гідрамеце.

У аўторак, 19 снежня, пад уплывам актыўных атмасферных франтоў па ўсходзе краіны пройдзе снег, чакаецца мяцеліца. Ноччу па Гомельскай і Магілёўскай абласцях будзе моцны снег, у гэтых раёнах аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Ноччу па паўднёвым усходзе краіны прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15-18 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад нуля да мінус 5 градусаў.

У сераду і чацвер, 20 і 21 снежня, надвор'е будзе фарміраваць у асноўным вобласць паніжанага атмасфернага ціску. 20 снежня на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег. На дарогах месцамі магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе 2-7 градусаў марозу, пры праясненнях - мінус 8-11. Днём - ад нуля да мінус 5 градусаў.

21 снежня ноччу ў асобных раёнах Беларусі пройдзе невялікі снег, днём месцамі, пераважна па захадзе краіны, чакаецца кароткачасовы снег. На асобных участках дарог магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе 3-9 градусаў марозу, пры праясненнях - мінус 10-12. Днём будзе ад нуля да мінус 6 градусаў.

У пятніцу, 22 снежня, чакаецца зрушэнне атмасфернага фронту з Заходняй Еўропы, следам за якім будзе паступаць больш цёплае атлантычнае паветра. У многіх раёнах краіны пройдзе кароткачасовы снег, па паўднёвым захадзе чакаюцца ападкі (мокры снег, дождж), слабы туман і галалёд. На дарогах месцамі магчыма галалёдзіца. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да мінус 6, па ўсходзе - да 8 градусаў марозу. Днём будзе ад мінус 4 па ўсходзе да плюс 3 градусаў па захадзе Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі