Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 жніўня 2018, 18:53

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навiны складаюць гiсторыю". Тэлеграфнае агенцтва БССР - 1960

БЕЛТА-1960

У 1950-1970-я гады хуткімі тэмпамі ішло развіццё БССР. Эканоміка краіны стала ключавой часткай народнагаспадарчага комплексу СССР, актыўна развіваліся машынабудаванне, хімічная прамысловасць, энергетыка, уступіў у строй першы ў рэспубліцы ядзерны рэактар.

Разам з краінай расло і развівалася Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР ад 30 студзеня 1960 года было зацверджана новае Палажэнне аб БЕЛТА.

Тэлеграфнае агенцтва Беларускай ССР пры Савеце Міністраў БССР (БЕЛТА) выступала як цэнтральны інфармацыйны орган Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Асноўная задача агенцтва: збор інфармацыі і фотаінфармацыі аб важных падзеях палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця Беларусі, міжнародных сувязях краіны, дзейнасці і рашэннях Вярхоўнага Савета БССР, партыйных, савецкіх, гаспадарчых органаў і грамадскіх арганізацый, асвятленне ходу выканання народнагаспадарчых планаў, дасягненняў беларускага народа ў эканамічным і культурным будаўніцтве, у сферах сацыяльнай, навукі і тэхнікі - ва ўсіх галінах камуністычнага будаўніцтва.

У задачы Беларускага тэлеграфнага агенцтва ўваходзіла таксама распаўсюджванне заканадаўчых актаў, рашэнняў партыі і ўрада, іншых афіцыйных дакументаў, важнейшых выступленняў кіруючых дзеячаў Савецкага Саюза, знешнепалітычных дакументаў савецкага ўрада, камюніке і заяў розных устаноў і арганізацый.

Гэту інфармацыю БЕЛТА трэба было прадастаўляць рэспубліканскім, абласным, раённым газетам і радыё рэспублікі, Савецкага Саюза і замежных краін. Акрамя таго, распаўсюджваць у беларускіх СМІ міжнародную і агульнасаюзную інфармацыю і фота, якія атрымлівалі ад ТАСС. Свае матэрыялы агенцтва павінна было перадаваць на беларускай і рускай мовах.

У адным з пунктаў дакумента значылася, што БЕЛТА карыстаецца ўсімі правамі аўтара, у тым ліку правам ставіць пад інфармацыйнымі паведамленнямі сваё найменне і прозвішчы ўласных карэспандэнтаў, якія штодзённа рапартавалі аб поспехах сацыялістычнага будаўніцтва ў рэспубліцы.

1962 год. 4 студзеня: Бабруйскі рэлін. На Бабруйскім заводзе гуматэхнічных вырабаў скончаны мантаж і пачаты прамысловыя выпрабаванні першай паточна-механізаванай лініі па вытворчасці рэліну (гумавага лінолеуму).

Намеснік галоўнага інжынера завода Н.М. Калеснікаў расказаў:

- Новая лінія - вялікае і складанае збудаванне. Яна складаецца з найноўшага высокапрадукцыйнага абсталявання, якое працуе ў адзіным цыкле. Усе працэсы - падрыхтоўка і дазіраванне сумесей, а таксама выпуск рэліну - выконваюць механізмы. На шэрагу ўчасткаў дзейнічаюць аўтаматы. Яны кантралююць і рэгулююць многія тэхналагічныя працэсы.

1962 год. 10 февраля: Рост на адну трэць. У бягучым годзе на развіццё энергетыкі Беларускага эканамічнага раёна асігнавана каля 40 мільёнаў рублёў. Яны накіроўваюцца на будаўніцтва новых і пашырэнне дзеючых электрастанцый, пракладку высакавольтных ліній электраперадач.

Магутнасць Беларускай энергасістэмы за год узрасце прыкладна на адну трэць. Уступіць у эксплуатацыю першая чарга Полацкай ЦЭЦ. Тут будуць уведзены ў дзеянне два магутныя катловыя агрэгаты і турбагенератар. Новая ЦЭЦ забяспечыць электраэнергіяй, тэхнічнай парай і цяплом пускавыя аб'екты буйнейшага ў Еўропе Полацкага нафтаперапрацоўчага завода. Другі блок намечана ўвесці ў дзеянне на Бярозаўскай ГЭС. Новыя агрэгаты ўводзяцца і на Мінскай ЦЭЦ-3. У выніку яе магутнасць павялічыцца ў паўтара раза. ЦЭЦ стане адной з буйнейшых цеплавых станцый краіны.

Вялікае развіццё атрымаюць электрасеткі рэспублікі. На працягу года будзе пабудавана каля 1000 кіламетраў высакавольтных ліній электраперадач. Гэта дасць магчымасць усе буйныя электрастанцыі звязаць у адзіную энергасістэму. Высакавольтныя лініі электраперадач звяжуць Бярозаўскую ГЭС з гарадамі Гродна і Брэст, Васілевіцкую ГЭС - з Гомелем, Полацкую ЦЭЦ - з раённымі цэнтрамі Глыбокае і Мёры.

1962 год. 5 красавіка: Новы сіласаўборачны камбайн. Першыя дзесяць новых камбайнаў "СКБ-2,6" выпусціў завод "Гомсельмаш". Гэта машына паўнавясная. Яна кіруецца трактарыстам. Дзякуючы павышаным абаротам барабана новы камбайн дае больш дробную зялёную масу.

Машына абсталявана коламі павышанай праходнасці. Вага яе на 150 кілаграмаў лягчэйшая за камбайн "СК-2,6", а прадукцыйнасць 0,9-1,5 гектара за гадзіну.

У бягучым годзе завод дасць кукурузаводам краіны першыя дзве тысячы такіх камбайнаў.

1962 год. 23 мая: Беларускі атамны рэактар ​​уступіў у строй. Вялікая і знамянальная падзея адбылася 22 мая ў навуковым жыцці Савецкай Беларусі. У гэты дзень уступіў у строй першы ў рэспубліцы даследчы ядзерны рэактар ​​Інстытута энергетыкі Акадэміі навук БССР. Вучоныя Беларусі атрымалі добра абсталяваную базу для даследаванняў, маючых важнае значэнне для развіцця фізікі, энергетыкі, медыцыны, біялогіі, сельскай гаспадаркі. Для іх створаны ўсе ўмовы для правядзення шырокага кола навуковых эксперыментаў, якія даюць магчымасць выкарыстоўваць у рэспубліцы атамную энергію ў мірных мэтах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі