Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 сакавіка 2018, 16:17

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Неспакойны рэпарцёрскі лёс

Неспакойны рэпарцёрскі лёс

Аб тым, як арганізоўвалася работа агенцтва ў даваенны час, раскажам словамі карэспандэнта БЕЛТА Мікалая Бутрымовіча:

"Цяпер нават цяжка прыпомніць, куды закідваў мяне неспакойны лёс рэпарцёра. Працаваў у раённай газеце, супрацоўнічаў у армейскай, рэдагаваў абласную, звыш дзесяці гадоў загадваў аддзелам інфармацыі і савецкага будаўніцтва ў рэспубліканскай "Звяздзе", рыхтаваў перадачы для "блакітнага экрана" на тэлебачанні. АЛЕ ўсё пачалося ... з БЕЛТА.

Прыйшоў я ўпершыню ў агенцтва летам 1937 года. Чамусьці менавіта сюды накіраваў мяне гаркам камсамола, хоць БЕЛТА для мяне было друкам за сямю замкамі. Зразумела, што парог гэтай "таямнічай" установы я пераступіў з цяжкім пачуццём.

Але вось атрымана першае заданне: даць заметку аб падрыхтоўцы да чарговага прызыву моладзі ў Чырвоную Армію. Пайшоў у аблваенкамат, сабраў, як мне здавалася, усе звесткі, сеў пісаць... Прачыталі яе ў аддзеле і безапеляцыйна заявілі: дрэнна. І другі блін быў камяком. Толькі пасля карэктнай, не прыніжаючай годнасць аўтара праўкі заметка трапіла нарэшце ў веснік.

У першыя дні работы ў агенцтве я многаму абавязаны ў сваёй журналісцкай вывучцы С.М.Лур'е. Ён быў тады рэдактарам інфармацыі на ТАСС. Не раз даводзілася працаваць у суаўтарстве з ім. Гэта плённае супрацоўніцтва было неацэннай школай авалодання рэпарцёрскім рамёством.

Хачу крыху расказаць аб структуры агенцтва канца 30-х гадоў. Тады існавалі галіновыя аддзелы - прапаганды, партыйнага жыцця, культуры, прамысловасці, сельскай гаспадаркі. У кожным, акрамя загадчыка, былі замацаваны літработнікі - ад аднаго да трох. Такая сістэма захоўвалася аж да вайны. Існавалі таксама аддзелы работы на ТАСС і саюзнай і замежнай інфармацыі. Рэспубліканская інфармацыя перадавалася ў газеты не па тэлетайпе, а зводзілася ў веснік, размножвалася на рататары і двойчы ў дзень рассылалася рэдакцыям. Кожны аддзел атрымліваў па экзэмпляры гэтага весніка, і было відаць, чые матэрыялы прайшлі.

У лістападзе 1938 года аддзел культуры разбуйнілі, з яго вылучыўся аддзел абароннай інфармацыі. Мяне назначылі яго загадчыкам. Трэба сказаць, што ў тыя гады даволі шырока асвятлялася жыццё Чырвонай Арміі. Загатоўкі заметак "З палёў тактычных вучэнняў", "Стральба маладых артылерыстаў", "У вучобе, як у баі" і многія іншыя не сыходзілі са старонак весніка.

Насталі вераснёўскія дні 1939 года. Напярэдадні вызваленчага паходу Чырвонай Арміі мяне мабілізавалі. Аднак ваенным карэспандэнтам пабыў усяго два месяцы і быў звольнены ў запас. Калі вярнуўся ў БЕЛТА, мяне назначылі ўласным карэспандэнтам па Мінскай вобласці.

У жыцці заходніх абласцей тэмай нумар 1 былі нацыяналізацыя прадпрыемстваў, гандлю, сферы абслугоўвання. Засталася ў памяці і такая вялікая падзея, як першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР (пачатак 1940 года). Разам з карэспандэнтам "Звязды" А. Бялевічам - цяпер вядомым беларускім пісьменнікам - марозным вечарам на санях выехалі ў вялікі маёнтак пана Скірмунта. Памяшканне ўжо было падрыхтавана сельскімі актывістамі да прыёму выбаршчыкаў. За гадзіну да пачатку галасавання на вуліцы пачулася песня. Мы выбеглі з памяшкання. Каля дома сабраўся вялікі натоўп. Мужчыны, якія стаялі без галаўных убораў, трымалі ў руках партрэты савецкіх кіраўнікоў, абрамленыя расшыўнымі ручнікамі, і спявалі. Так людзі выказвалі сваю радасць з нагоды атрымання свабоды і права на ўдзел у першых выбарах. У той жа дзень у БЕЛТА і ТАСС была перададзена інфармацыя "У былым маёнтку пана Скірмунта".

У хуткім часе мяне адаслалі ў Мінск для работы ў апараце агенцтва. Ледзь пераступаю яго парог, мне насустрач выбег С.М.Лур'е, махаючы свежым нумарам тасаўскага часопіса "Советская информация". У ім быў змешчаны мой артыкул "Адна тэма - два рашэнні". (Мінск. Кастрычнік 1967 года)-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі