Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 сакавіка 2018, 15:20

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навiны складаюць гiсторыю". Інтэрв'ю з нобелеўскім лаўрэатам

Інтэрв'ю з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі

15 сакавіка свой 88-ы дзень нараджэння адзначае выдатны вучоны сучаснасці, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Іванавіч Алфёраў.

Расійскі фізік, акадэмік, замежны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і многіх акадэмій свету нарадзіўся ў 1930 годзе ў Віцебску, у 1947 годзе з залатым медалём скончыў школу ў Мінску, на першым курсе навучаўся ў беларускім політэхнічным інстытуце. Ён заўсёды называе Беларусь сваім родным краем. Жарэс Іванавіч прыязджае сюды на адпачынак, падтрымлівае адносіны з навуковай грамадскасцю, удзельнічае ў расійска-беларускіх семінарах і іншых мерапрыемствах. Ён ганаровы грамадзянін Мінска і Віцебска.

Наш знакаміты зямляк не раз станавіўся героем публікацый БЕЛТА. У снежні 2000 года, калі Жарэсу Алфёраву была прысуджана Нобелеўская прэмія па фізіцы, ён даў эксклюзіўнае інтэрв'ю карэспандэнту нашага агенцтва. Развагі вучонага пра мінулае і сучаснае, агучаныя 18 гадоў таму, цікавы і сённяшняму чытачу.

ФІЗІКА ПЕРАМОГІ

Гістарычная рыса, якая апоўначы 31 снежня падзеліць наш час не толькі на два гады і на два стагоддзі, але і на два тысячагоддзі, падштурхне многіх і многіх людзей да роздуму аб мінулым і будучым. Сярод іх будзе і вучоны-фізік з Санкт-Пецярбурга, наш зямляк Жарэс Алфёраў. 70-гадовы акадэмік, дырэктар Санкт-Пецярбургскага фізіка-тэхнічнага інстытута імя Іофэ, асэнсоўваць падзеі адыходзячага стагоддзя будзе ў новай для сябе якасці - лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2000 года.

"Мантыя велічы", якую накінуў на яго вучоны свет у канцы тысячагоддзя, зусім не "цісне" гэтаму дабрадушнаму, адкрытаму чалавеку. Ён не змяніў сваіх перакананняў, не перагледзеў жыццёвыя прынцыпы, не "перафарбаваў" уласнае аблічча. Выхадзец з простай рабочай сям'і, які дасягнуў самых вялікіх вышынь навукі, Жарэс Алфёраў яшчэ раз пацвердзіў тэзіс аб незвычайнай працавітасці і невычэрпным таленце беларускага народа. Яго радавыя карані - з Чашнікаў Віцебскай вобласці, дзе нарадзіўся бацька Іван Карпавіч Алфёраў.

Напярэдадні Новага года Нобелеўскі лаўрэат даў эксклюзіўнае інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА.

- Жарэс Іванавіч, што для вас значыць Беларусь?

- Беларусь як была, так і засталася для мяне роднай рэспублікай. І дзе б за сваё жыццё я ні знаходзіўся - у Сталінградзе, Новасібірску, Барнауле, Турынску Свярдлоўскай вобласці, Ленінградзе, заўсёды стараўся прыехаць у родныя мясціны, падыхаць знаёмым з дзяцінства паветрам, палюбавацца вельмі прыгожай прыродай. На жаль, удавалася гэта зрабіць толькі на святы: Новы год, 1 Мая, 7 лістапада.

- А якія яны, на ваш погляд, беларусы?

- У Беларусі жывуць самыя мужныя і працавітыя людзі. Наша рэспубліка была часткай былой вялікай краіны. Беларусы ніколі не здраджвалі сваёй радзіме! Усе цудоўна ведаюць, што Беларусь зрабіла ў час апошняй вайны. Менавіта беларусы і ленінградцы панеслі тады самыя цяжкія людскія страты. І не толькі людскія. Беларусь давялося адбудоўваць нанова. Заўважце, не аднаўляць, а практычна нанава адраджаць. І гэта зрабілі людзі.

У выніку Беларусь стала лідарам па многіх пазіцыях. У навукаёмістых галінах дакладна. Або возьмем такі факт, як развіццё калектыўнай гаспадаркі. Бо менавіта Беларусь у часы Савецкага Саюза даказала, што калектыўны спосаб вядзення сельскай гаспадаркі з'яўляецца прагрэсіўным. У часы Машэрава мы абагналі па ўраджайнасці збожжавых Украіну. Гэта ўнікальнае дасягненне!

- Але, пагадзіцеся, што сёння краіна адчувае немалыя цяжкасці.

- Цяжка сёння ўсім. Беларусі тым больш. Не маючы дастатковых прыродных рэсурсаў, газу, нафты, трэба разлічваць на талент, інтэлект і іншыя складнікі патэнцыялу грамадства. Але хачу заўважыць, што менавіта Беларусь здолела больш, чым іншыя рэспублікі СССР, захаваць тое, што накапіла.

- Якая, на ваш погляд вучонага, павінна быць стратэгія развіцця краіны?

- Несумненна, на першым месцы стаіць саюз з Расіяй. На мой погляд, гэта натуральны працэс. У нас тут некаторыя квазірэфарматоры не супраць лішні раз падкрэсліць, што, маўляў, Беларусь садзіцца на шыю Расіі. Гэта зусім не так. Менавіта пры ўмове аб'яднання мацнейшымі стануць абедзве краіны.

- Гэтай восенню вы пабывалі ў Мінску, сустракаліся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Ці закраналася пры размове тэма пашырэння на нашу краіну прынцыпаў работы вашай знакамітай школы падрыхтоўкі таленавітых вучоных? Бо, кажуць, вы іх пачынаеце рыхтаваць ледзь ці не з дзіцячага сада.

- На жаль, наша сустрэча з Аляксандрам Рыгоравічам была непрацяглай. Але ён папрасіў мяне, калі я бываю ў Беларусі, наведваць не толькі дарагія майму сэрцу электронныя прадпрыемствы, але і больш удзяляць увагі развіццю ў Беларусі сумесна з Расіяй навукаёмістых галін прамысловасці. У тым ліку і садзейнічаць падтрымцы таленавітых маладых вучоных. І ў гэтым напрамку пабудова Саюзнай дзяржавы мае вялізны сэнс. На мой погляд, у першую чаргу трэба ўмацоўваць саюз вучоных Беларусі і Санкт-Пецярбурга, горадам з вельмі вялікім навуковым патэнцыялам. Бо нашы сувязі вельмі даўнія. І мой бацька ў 1912 годзе прыехаў у Пецярбург, паколькі на радзіме не было ні зямлі, ні работы. А як эфектыўна сумесна дзейнічалі ў час вайны партызаны Беларусі і Ленінградскай вобласці. Сувязі нашы трэба ўмацоўваць.

- Жарэс Іванавіч, мы на парозе новага стагоддзя. Якая, на ваш погляд, самая адметная рыса мінулага стагоддзя?

- Гэта было стагоддзе развіцця фізікі. А галоўнае адкрыццё - стварэнне квантавай фізікі. Найважнейшыя ж эксперыментальныя адкрыцці - дзяленне ядра атама, выпуск першага транзістара, укараненне лазерна-мазернага прынцыпу і, вядома ж, развіццё інфармацыйных тэхналогій, за што мне і была прысуджана Нобелеўская прэмія.

- Усё ў вас, відаць, пачалося з першага дэтэктарнага прыёмніка, які вы, кажуць, змайстравалі ў дзесяцігадовым узросце?

- Так, такі факт у маёй біяграфіі прысутнічае. Сапраўдную ж любоў да фізікі прывіў настаўнік мінскай школы нумар 42 Якаў Барысавіч Мельцэрзон. А 5 сакавіка 1953 года я зрабіў першы транзістар, у 1970 годзе намі быў створаны першы ў сусветнай практыцы паўправадніковы лазер. У асноўным гэта дасягненне і стала пропускам у нобелеўскую кампанію.

- А якую падзею ХХ стагоддзя вы лічыце галоўнай у сацыяльным плане?

- Гэта Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя. Яна адыграла вялізную ролю ў свеце. За 100 гадоў сацыялізму ў свеце стала значна больш. І гэта пры ўсіх падзеях апошніх гадоў, пры тым, што адбылося з усімі намі. Сацыялізм - гэта перш за ўсё грамадская форма ўласнасці на сродкі і прылады вытворчасці. Яна можа выступаць у розных формах - дзяржаўнай, кааператыўнай, калектыўнай, але ставіць сабе адну мэту - сацыяльна абараніць працоўных. Праграмы сацыялізму - гэта бясплатная адукацыя, ахова здароўя, клопат пра пенсіянераў. Скажу больш: агульны вектар развіцця чалавечай цывілізацыі ў наступным стагоддзі будзе накіраваны ў бок сацыялізму. Чалавек не перастане думаць аб сацыяльнай справядлівасці.

- Жарэс Іванавіч, што вы хочаце пажадаць сваім землякам, народу Беларусі ў новым годзе?

- Здароўя, шчасця, каб сумеснымі намаганнямі расіян і беларусаў мы зрабілі жыццё людзей лепшым!

(Стужка навін БЕЛТА 26 снежня 2000 года).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі