Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
01 кастрычніка 2018, 15:32

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Фоташкола ветэранаў

Па здымках фотахронікі БЕЛТА кадр за кадрам можна скласці гісторыю Беларусі, прычым кожны фотакарэспандэнт агенцтва ўносіць у агульную карціну свой уклад. Напрыклад, на здымках Пятра Наватарава і Аляксея Агафонава - важныя палітычныя фігуры, першы беларускі касманаўт і лепшыя спартсмены...

Пра сапраўдных майстроў фотасправы Пятра Наватарава і Аляксея Агафонава ў выпуску газеты "Тассовец" ад 16 верасня 1981 года расказалі супрацоўнікі БЕЛТА, якія працавалі побач з імі ў 1980-я:

Свая ноша не цягне

- Калі на працягу амаль трыццаці гадоў працуеш побач з таварышам, то не заўважаеш, што і ён старэе. Ды і ці старэе? Па-ранейшаму Пётр Наватараў энергічны, поўны творчых задум, заўсёды ў паездках. Вось толькі валасы "пабландзінелі", - расказвае адказны выпускаючы Галоўнай рэдакцыі фотаінфармацыі Часлаў Мезін.

Ды і не дзіўна! Прыйшоў салдат-франтавік П. Наватараў у фотахроніку БелТА ў цяжкім пасляваенным сорак дзявятым. За плячыма - баі. На грудзях - узнагароды баявыя. А ён шчаслівы, што вярнуўся, нарэшце, у мірнае, выпакутаванае жыццё і можа цэліцца не праз мушку аўтамата, а скрозь візір фотаапарата.

Пётр Наватараў'

Зайздрошчу я яму. Напэўна, гэта вялікае, ні з чым не параўнальнае шчасце пасля акопаў і наступленняў здымаць звычайнае наша мірнае і шчаслівае савецкае жыццё. Пра тое, колькі цікавых, незабыўных сустрэч было ў Пятра Міхайлавіча, зможа расказаць толькі ён. Мы, яго калегі і даўнія сябры, часта слухаем расказы белтаўскага ветэрана. І пра яго сяброў-партызан і франтавікоў, і пра ўсякія нечаканыя і кранальныя сустрэчы на роднай зямлі…

Калі ўручалі П.М. Наватараву на нашым агульным свяце - 60-годдзі БЕЛТА - Ганаровую грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі, уся зала дружна, доўга і цёпла апладзіравала яму.

А Пётр Міхайлавіч паўсміхаўся сарамліва, а раніцай зноў павесіў рэпарцёрскі, зусім не лёгкі, кофр на плячо і паехаў да земляробаў. За новымі здымкамі.

Калгас імя Чкалава. Уборка збожжа. 1973 год. Фота Пятра Наватарава'

Мітынг, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнага комплексу "Хатынь". 1969 год. Фота Пятра Наватарава'

Знаходжанне ў Мінску кубінскага лідара Фідэля Кастра. 1972 год. Фота Пятра Наватарава'

У шахце рудніка. Агляд камбайна. 1973 год. Фота Пятра Наватарава'

Побач з ветэранам

- Сталася так, што калі я прыйшоў працаваць у фотахроніку БЕЛТА, - расказвае майстар фотавытворчасці Галоўнай рэдакцыі фотаінфармацыі Раман Кракаў, - маё рабочае месца было побач з ветэранам агенцтва Аляксеем Аляксеевічам Агафонавым.

Аляксей Агафонаў'

Мне здавалася, што я ўжо нядрэнна валодаю сваёй прафесіяй. Ды і што тут складанага: акунай у праявіцель, потым у замацавальнік - і здымак гатовы. Але колькі ж прафесійных тонкасцей спасціг я за гэтыя гады! І ўсё дзякуючы Аляксею Аляксеевічу…

Складанай спачатку здалася мне работа на фотатэлеграфе. Але і тут на дапамогу прыйшоў Аляксей Аляксеевіч. Цярпліва навучаў, настаўляў. Цяпер мы - вучань і настаўнік - працуем на роўных.

Не толькі мне дапамог па-сапраўднаму асвоіць прафесію майстра фотавытворчасці наш ветэран. Усе маладыя работнікі аддзела так ці інакш прайшлі яго школу!..-0-

У 1973 годзе ў СССР праводзіўся абмен партыйных дакументаў. Партбілет №1 быў выпісаны на імя Леніна. Падпісаў ленінскі партыйны білет генеральны сакратар ЦК КПСС Л. І. Брэжнеў. 1 сакавіка 1973 года. Фота Аляксея Агафонава'

Экіпаж касмічнага карабля "Саюз-13" - камандзір карабля Пётр Ільіч Клімук і бортінжынер Валянцін Вітальевіч Лебедзеў - на занятках у трэнажоры касмічнага карабля "Саюз" у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына. 1973 год. Фота Аляксея Агафонава'

Чэмпіёнкі XX Алімпійскіх гульняў 1972 год. Фота Аляксея Агафонава'

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі