Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 лістапада 2018, 17:45

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Ад БелРОСТА да БЕЛТА

Ад БелРОСТА да БЕЛТА

Беларускае тэлеграфнае агенцтва заўсёды славілася сваімі людзьмі. Творчымі, таленавітымі, высокапрафесійнымі. Для адных БЕЛТА стала стартавай пляцоўкай, для другіх - школай жыцця, а для кагосьці - лёсам, як для Сямёна Майсеевіча Лур'е. Ён прыйшоў у БЕЛТА ў 20-я гады ХХ стагоддзя, працаваў карэспандэнтам, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны медалямі. Аб гісторыі БЕЛТА і сваёй працоўнай біяграфіі ў 1980 годзе Сямён Майсеевіч расказваў так:

"Сваю працоўную дзейнасць пачаў рассыльным рэспубліканскай газеты "Звязда" і Беларускага аддзялення Расійскага Тэлеграфнага агенцтва - БелРОСТА. Размяшчаліся яны тады (1920 год) у адным памяшканні на вуліцы Падгорнай (цяпер К.Маркса). Праз два гады пачаў працаваць у аддзеле, які займаўся паступаючымі з Масквы тэлеграмамі РОСТА. Тут яны расшыфроўваліся, а затым размножваліся для ўсіх газет горада.

З арганізацыяй у сістэме РОСТА Саюзнага камерцыйнага Тэлеграфнага агенцтва - СаюзКТА, на карэспандэнта БелРОСТА ў красавіку 1924 года была ўскладзена работа па арганізацыі і кіраўніцтве дзейнасцю Беларускага камерцыйнага тэлеграфнага агенцтва - БелКТа. Да таго часу НЭП у асноўным ужо адыграла сваю станоўчую ролю, і трэба было разгарнуць дзяржаўны і кааператыўны гандаль... Гэта выклікала неабходнасць мець у краіне разгалінаваную сетку карэспандэнтаў-інфарматараў па асвятленні ходу важнейшага этапу ў жыцці краіны. Штодзённа па тэлеграфе і тэлефоне ў Маскву перадаваліся паведамленні аб лішках і няхватцы тавараў, аб заключаемых на дзяржаўнай таварнай біржы гандлёвых здзелках паміж дзяржаўнымі і кааператыўнымі арганізацыямі, руху рыначных цэн, аб колькасці і характары прывозу прадуктаў сельскай гаспадаркі на рынкі горада і г.д.

Стварэнне Тэлеграфнага агенцтва Беларускай ССР - БЕЛТА было аформлена пастановай Саўнаркама БССР у сакавіку 1931 года. Хоць практычная дзейнасць агенцтва пачалася крыху раней на базе ліквідаванага БелКТА. Былі створаны адпаведныя галіновыя аддзелы (рэдакцыі). Аднак тэхнічнае аснашчэнне вымушала жадаць лепшага. Веснікі рэспубліканскай інфармацыі друкаваліся на пішучай машынцы ў 6-7 экзэмплярах на папяроснай паперы. Для ТАСС штодзённа шыфраваліся тэлеграмы з навінамі аб гаспадарчым і культурным будаўніцтве ў рэспубліцы, інфармацыя для акруговых (абласных) і раённых газет дыктавалася па радыё. Усё гэта патрабавала вялікай карпатлівай тэхнічнай работы. Таму часам дапускаліся недакладнасці, памылкі. Але па меры ўмацавання агенцтва кваліфікаванымі кадрамі, павышэння дысцыпліны працы, аснашчэння тэхнікай гэтых казусаў станавілася ўсё менш. Да 1934 года ў БЕЛТА быў устаноўлены тэлетайп па прыёме інфармацыі ТАСС з Масквы.

З году ў год агенцтва набірала сілу. У памяці паўстаюць разгорнутыя паведамленні аб першым з'ездзе калгаснікаў Беларусі ў 1934 годзе, выбарах у Вярхоўны Савет СССР у 1936 годзе і ў Вярхоўны Савет БССР у 1938 годзе. Знайшла месца інфармацыя БЕЛТА ў першай кнізе "Дзень Міру" (27 верасня 1935 года), выдадзенай па ініцыятыве М.Горкага.

Сіламі агенцтва шырока асвятляліся пытанні індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі, культурнага будаўніцтва, абаронна-масавай работы.

Па меры сацыялістычнага і камуністычнага будаўніцтва змяняліся задачы, пастаўленыя перад агенцтвам, змяніліся размах, маштабы, тэхнічная аснашчанасць. Нязменнай была толькі асноўная задача работніка БЕЛТА - на ўсіх этапах развіцця нашага грамадства быць надзейным памочнікам Ленінскай партыі, актыўным правадніком яе палітыкі ў масах".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі