Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 студзеня 2019, 19:17

БРСМ рыхтуе стратэгію развіцця маладзёжнай арганізацыі на бліжэйшыя 5 гадоў

11 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БРСМ рыхтуе стратэгію развіцця маладзёжнай арганізацыі на бліжэйшыя 5 гадоў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы сакратар ЦК ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Дзмітрый Варанюк.

"Цяпер мы рыхтуем стратэгію развіцця маладзёжнай арганізацыі на бліжэйшыя 5 гадоў. Дарэчы, у нас праходзіць вялікае даследаванне ўнутры арганізацыі. Гэта дасць нам дакладнае разуменне, як рухацца далей. Таму што мы хочам развівацца, шукаем новыя формы і метады работы, хочам нейкія моманты перабудаваць, каб нашы праекты зайгралі яркімі фарбамі, каб перш за ўсё быў зваротны водгук ад усіх маладых людзей нашай краіны", - расказаў Дзмітрый Варанюк.

Паводле яго слоў, у 2019 годзе далейшае развіццё атрымае студатрадаўскі рух і валанцёрскія праекты. "У гэтым годзе Беларусь прымае II Еўрапейскія гульні, у час якіх маладыя людзі таксама павінны праявіць сябе, паказаць краіну, раскрыць яе для гасцей. Мы разам працуем з Дырэкцыяй II Еўрапейскіх гульняў, у частцы валанцёрства, маладзёжных атрадаў аховы правапарадку і студэнцкіх атрадаў. Гэта значыць, наша моладзь актыўна будзе задзейнічана на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў. Таксама атрымае развіццё наш традыцыйны рэспубліканскі праект "100 ідэй для Беларусі". Цяпер мы актыўна шукаем дадатковыя крыніцы фінансавання, таму што вельмі важна, каб кожная ідэя маладога чалавека, якую мы заўважылі, мела ў далейшым фінансавае і інтэлектуальнае суправаджэнне", - адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ.

Што датычыцца новых праектаў, то адзін з іх будзе запушчаны гэтай вясной - гэта паркі сямейных дрэў. "Цяпер мы думаем, як рэалізаваць праект, каб кожная сям'я магла пасадзіць сваё дрэва. Спадзяюся, што к пачатку лета нашы паркі заквітнеюць па ўсёй Беларусі", - падкрэсліў Дзмітрый Варанюк.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі