Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 снежня 2017, 14:04

Больш за палавіну зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў ездзяць без пройдзенага тэхагляду

11 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за палавіну зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў ездзяць без пройдзенага тэхагляду. Аб гэтым паведаміў намеснік дырэктара УП "Белтэхагляд" Уладзімір Півульскі ў перадачы "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

У гэтым годзе з амаль 3 млн машын да тэхагляду не даехала і палавіна. Многія не хочуць аплачваць дарожны падатак, які даражэйшы, чым штраф за адсутнасць пройдзенага ТА. "Па выніках дзесяці месяцаў праведзены 1 млн 325 тыс. дзяржтэхаглядаў, з якіх 215 тыс. не прайшлі з першага разу. Асноўная прычына, па якой не праходзяць ТА, няспраўнасць тармазных сістэм. Яна займае больш за 50 працэнтаў усіх адмоў пры праходжанні ТА", - расказаў Уладзімір Півульскі. Гэта значыць звыш 100 тыс. машын у Беларусі пры праходжанні тэхагляду адчувалі цяжкасці толькі з тармазамі. Але ж яшчэ каля 1,7 млн аўто на станцыю нават не прыехалі.

Сярод іх быў і аўтамабіль ЗІЛ, які 2 снежня пратараніў пешаходаў на праспекце Пераможцаў у раёне ГЦ "Замак" (паводле папярэдніх даных, у машыны сапсаваліся тармазы). Тая страшная аварыя забрала жыццё 11-гадовай дзяўчынкі, яшчэ чатыры чалавекі апынуліся ў бальніцы. Цяпер праводзяцца шматлікія экспертызы на няспраўнасць аўтамабіля, але ўжо вядома, што два гады машына ездзіла без тэхагляду, а самога вадзіцеля за гэта штрафавалі.

Адна з мер, якія прынялі ўлады сталіцы, - закрыць пераход і зняць прыпынак грамадскага транспарту побач з плошчай Дзяржаўнага сцяга. Але эксперты задаюцца пытаннем эфектыўнасці такой меры, паколькі ў кожным ДТЗ існуюць дзясяткі фактараў. На радыяльных магістралях высокая скорасць, а пешаходаў і аўтамабілі раздзяляе толькі бардзюр, часам зялёная зона. Як вынік - ДТЗ, заторы і ахвяры. І такіх месц, як пераход каля ГЦ "Замак", у Мінску дзясяткі, запэўніваюць спецыялісты і прагназуюць парушэнні з боку пешаходаў, якім не хочацца або цяжка дайсці 400 м да бліжэйшага падземнага пераходу.

Старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрый Важнік як адно з магчымых рашэнняў прапануе выкарыстоўваць канструкцыі, заснаваныя на асаблівасцях рэльефу: падняць праезную частку, зрабіць уваход без прыступак. "Толькі трэба ўважліва вывучаць сусветны вопыт. Шведы змаглі абысціся без нашых канструкцый - пешаходных пераходаў. У вялікіх гарадах іх практычна няма. У Берліне проста няма, акрамя спускаў станцый метро. Трэба знайсці правільнае інжынернае і эканамічнае рашэнне, якія ўзаемазвязаны", - адзначыў спецыяліст. У ліку прапаноў таксама ўвесці еўрапейскі скорасны рэжым 50 км/гадз, а не 60. Меншая колькасць ДТЗ пазбавіць ад пробак і затораў, якія паскораць час праезду. Трэба ўдасканальваць падрыхтоўку вадзіцеляў да рэагавання на рэзкую змену дарожнай абстаноўкі і, вядома, павышаць іх асабістую адказнасць. Праходжанне ТА - не фармальнасць, а гарантыя для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Штогод толькі ў сталіцы на дарогах гіне 35 чалавек. Разам з тым за апошнія 10 гадоў аварыйнасць у Мінску знізілася амаль у 4 разы, прытым, што колькасць аўтамабіляў прыкметна ўзрасла. Але яшчэ шмат што трэба скарэкціраваць, каб максімальна знізіць рызыку ДТЗ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі