Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 жніўня 2016, 14:23

Бязвізавы рэжым для турыстаў прапануецца ўвесці яшчэ на трох асабліва ахоўных тэрыторыях Беларусі

25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапануе ўвесці бязвізавы рэжым для турыстаў яшчэ на трох трансгранічных асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях (ААПТ). Аб гэтым заявіў сёння міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута на сумесным пасяджэнні калегій Мінпрыроды і Мінспорту, тэмай якога стала развіццё экалагічнага турызму ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Важным з'яўляецца і развіццё трансгранічнага экалагічнага турызму. Ужо даволі даўно такія экалагічныя маршруты функцыянуюць у Белавежскай пушчы. Турыст, які падарожнічае па беларускай частцы пушчы, пры наяўнасці шэнгенскай візы можа прагуляцца і па польскай яе частцы. Акрамя таго, з 2015 года для турыстаў, якія наведваюць Белавежскую пушчу тэрмінам на тры дні, дзейнічае бязвізавы рэжым. Беручы пад увагу гэты станоўчы вопыт, неабходна прапрацаваць пытанне аб увядзенні бязвізавага рэжыму і для турыстаў, якія наведваюць трансгранічныя асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі "Котра - Чапкеляй", "Рычы - Сіленэ" і "Браслаўскія азёры - Аўгшдаўгава", - адзначыў міністр.

Андрэй Каўхута таксама нагадаў аб стварэнні новага трансгранічнага маршруту "Па запаведных мясцінах Паазер'я", які пройдзе па тэрыторыі Беларусі і Расіі. "Плануецца, што ў гэты маршрут будуць уключаны тэрыторыі адразу некалькіх нацыянальных паркаў: "Браслаўскія азёры", "Нарачанскі", "Смаленскае Паазер'е", "Себежскі" і Бярэзінскага біясфернага запаведніка. У гэтым выпадку даўжыня шляху для турыстаў складзе 500 км", - падкрэсліў ён.

Сістэма ААПТ Беларусі на 1 ліпеня 2016 года ўключае 1275 тэрыторый, у тым ліку Бярэзінскі біясферны запаведнік, 4 нацыянальныя паркі ("Белавежская пушча", "Браслаўскія азёры", "Прыпяцкі", "Нарачанскі"), 98 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 275 заказнікаў мясцовага значэння, 329 помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, 568 помнікаў прыроды мясцовага значэння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі