Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 верасня 2019, 16:28

Белстат: максімальная задача перапісу - яго пройдзе больш за 98 працэнтаў насельніцтва, звыш 25 працэнтаў - па інтэрнэце

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА адзначыла, што Белстат разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый, і расказала аб тым, які працэнт можна лічыць выдатным рэзультатам.

Адна з галоўных задач перапісу - устанавіць максімальна дакладную колькасць насельніцтва краіны. Белстат разлічвае, што з выкарыстаннем усіх цяперашніх навацый атрымаецца перапісаць максімальную колькасць людзей. "Цяпер рыхтуецца загад па зацвярджэнні мэтавых паказчыкаў для ацэнкі правядзення і якасці перапісу. Для сябе мы ўстанаўліваем: больш за 98 працэнтаў перапісаных - выдатна, 95-98 працэнтаў - добра, менш за 95 працэнтаў - здавальняюча. Удзельная вага колькасці насельніцтва, перапісанага праз інтэрнэт: больш за 25 працэнтаў - выдатна, 20-25 працэнтаў - добра, менш за 20 працэнтаў - здавальняюча", - растлумачыла Іна Мядзведзева.

Дарэчы, на 1 жніўня ў Беларусі пражывала 9 млн 454,1 тыс. чалавек.

"Перапіс дае карэктную інфармацыю аб колькасці насельніцтва, колькасці дамашніх гаспадарак, сем'ях (колькі, якія яны, уся дэмаграфічная раскладка). І гэта дае магчымасць карэктна выбудаваць работу ўсёй дзяржавы. Мы прадастаўляем унікальную інфармацыю аб тым, як размешчаны працоўныя рэсурсы, чаму насельніцтва не працуе ў адным горадзе, а едзе ў іншы і г.д. Раз у дзесяць гадоў мы атрымліваем інфармацыю аб фактычным беспрацоўі. Штоквартальна публікуем даныя выбарачнага абследавання па вывучэнні занятасці, у якім удзельнічае невялікі працэнт насельніцтва. Самае галоўнае, што мы атрымліваем, - прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Наступныя 10 гадоў будзем будаваць разлікі і прагнозныя параметры, грунтуючыся на даных перапісу", - акрэсліла важнасць правядзення гэтай працэдуры Іна Мядзведзева. Пры гэтым яна выказала пазіцыю, што ў Беларусі няма неабходнасці ўводзіць нейкія штрафы адносна тых, хто катэгарычна адмаўляецца перапісвацца. Тым больш што пробны перапіс паказаў адкрытасць насельніцтва.

З 4 па 30 кастрычніка ў краіне пройдзе перапіс насельніцтва пад лозунгам "Погляд на рэчаіснасць - крок у будучыню". Папярэдняя кампанія праводзілася 10 гадоў таму. Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку аб асноўных дэмаграфічных і нацыянальна-этнічных характарыстыках, міграцыйнай актыўнасці, адукацыі, крыніцах сродкаў да існавання, занятасці, колькасці дзяцей, жыллёвых умовах, гаспадарчай дзейнасці.

Перапісацца можна будзе адным з трох спосабаў: самастойна і ў зручны час запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома ў час вуснага апытання перапісчыка.

Месцы для стацыянарных участкаў амаль усюды вызначаны. Інфармацыя аб адрасах будзе размешчана на сайце Белстата, тэрытарыяльных органаў дзяржаўнай статыстыкі, магчыма, па просьбе камітэта праінфармуюць жыхароў раёнаў і сайты райвыканкамаў. Таксама ёсць дамоўленасць з ЖКГ аб інфармаванні насельніцтва праз жыроўкі.

Паралельна з 4 па 18 кастрычніка будуць працаваць мабільныя стацыянарныя ўчасткі. Інакш кажучы, усе арганізацыі, якія пажадаюць прыняць у сябе перапісчыкаў (пазней яны выйдуць па дамашніх адрасах), могуць накіраваць заяўкі. І такіх ужо цяпер аказалася нямала.

Іна Мядзведзева дадала, што Белстат нацэліў органы дзяржаўнага кіравання перапісацца пры дапамозе інтэрнэту. Дарэчы, гэта стане зручным спосабам і для беларусаў, якія часова знаходзяцца за мяжой (калі чалавек пражывае менш як год за межамі краіны, перапісацца ён абавязаны, але гэта могуць зрабіць за яго і паўналетнія сваякі).

"Мы рыхтуем і перапісчыкаў у арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання, закрытых установах. Гэта работнікі такіх арганізацый, якія прайшлі ўжо навучанне, - адзначыла кіраўнік Белстата. - Для кіруючага складу мы правялі навучальны семінар на базе Белстата. Астатнія пройдуць навучанне з 17 верасня ў тэрытарыяльных органах дзяржаўнай статыстыкі". Яна дадала, што ў спецыялізаваных, спецыяльных установах закрытага і адкрытага тыпаў будуць працаваць амаль 2,7 тыс. перапісчыкаў.

У сукупнасці ўсе новыя падыходы да правядзення перапісу дапамогуць скараціць у тры разы колькасць перапіснога персаналу, амаль у столькі ж разоў зменшыць час запаўнення перапіснога ліста. І, вядома, павысіць якасць працэдур. Дапаможа пры правядзенні перапісу і спецыяльны кол-цэнтр, у які можна звярнуцца з любымі пытаннямі па тэме. Ужо цяпер працуе прома-сайт перапісу па адрасах www.перапіс.бел і www.census.by, дзе можна азнаёміцца з данымі кампаніі 2009 года і знайсці карысную інфармацыю і парады аб маючай адбыцца падзеі.

Першую інфармацыю аб колькасці насельніцтва Белстат прадаставіць у лютым 2020 года. Разгорнутую па сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках, у тым ліку фактычным беспрацоўі, - у ліпені 2020 года, а інфармацыю па самай складанай частцы апытання - дзейнасці насельніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі - у ліпені 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі