Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 верасня 2017, 19:27

"Белмедпрэпараты" створаць вытворчасць новых проціпухлінных лекавых сродкаў

5 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. РУП "Белмедпрэпараты" створыць вытворчасць новых проціпухлінных лекавых сродкаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях.

У мэтах маніторынгу праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2016-2020 гады старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін наведаў РУП "Белмедпрэпараты", якое выконвае тры высокатэхналагічныя праекты. Адзін з іх - "Стварэнне доследна-прамысловай вытворчасці пераральных проціпухлінных лекавых сродкаў у выкананні тыпу ізалюючых тэхналогій", - рэалізуецца за кошт уласных сродкаў і сродкаў інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама.

Праект адносіцца да V тэхналагічнага ўкладу. Яго інавацыйнасць заключаецца ў стварэнні вытворчасці цытастатычных проціпухлінных лекавых сродкаў на аснове новых для Беларусі ізалюючых тэхналогій, якія даюць магчымасць ажыццяўляць тэхналагічныя працэсы на абсталяванні, поўнасцю ізаляваным ад персаналу, вытворчага асяроддзя і выключыць шкодныя выкіды ў атмасферу. Па праекце будуць ўкаранёны міжнародныя стандарты GMP. Цяпер "Белмедпрэпараты" атрымалі дазвольную дакументацыю і завяршылі работы па першым этапе праектавання аб'екта.

У час візіту Аляксандр Шумілін абмеркаваў з кіраўніцтвам прадпрыемства таксама перспектывы вытворчасці біятэхналагічных лекавых сродкаў для лячэння сацыяльна значных захворванняў (таргетная тэрапія анкалагічных захворванняў, безрэцыдыўнае лячэнне вострых інфарктаў, этыятропная тэрапія гепатыту С). У бліжэйшы час плануецца стварыць не менш як сем біяаналагаў.

РУП "Белмедпрэпараты" - буйнейшае фармацэўтычнае прадпрыемства, роданачальнік фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі (вырабляе лекавыя сродкі з 1929 года). Вытворчыя магутнасці размешчаны на тэрыторыі агульнай плошчай 20,9 га і ўключаюць 13 вытворчых і 7 дапаможных цэхаў. Выпускаемая прадукцыя адносіцца да больш як 20 фармакатэрапеўтычных груп. У цэлым наменклатура зарэгістраванай і вырабляемай прадукцыі складае каля 350 найменняў. У краінах блізкага і далёкага замежжа прадпрыемства мае 467 рэгістрацыйных пасведчанняў. Да 33 працэнтаў выпускаемай прадукцыі экспартуецца ў 26 краін далёкага і блізкага замежжа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі