Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 сакавіка 2017, 16:10

Беларускія палярнікі выпрабавалі ў Антарктыцы падводны апарат для вывучэння акіяна

24 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія палярнікі выпрабавалі ў Антарктыцы падводны тэлекіравальны апарат "Гном" для вывучэння раслін і жывёл у глыбінях акіяна. Апошнія навіны ад калег з Антарктыкі паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзіслаў Мямін, які сам быў удзельнікам 5-й і 7-й Беларускіх антарктычных экспедыцый.

"Беларускія палярнікі ўпершыню выпрабавалі ў Антарктыцы тэлекіравальны падводны апарат "Гном". Ён невялікі (40x25 см), кіруецца праз джойсцік. У яго чатыры маторы. Апарат апускаецца ў акіян і вывучае падводны свет. Палярнікі на беразе назіраюць за тым, што адбываецца на экране. Акрамя таго, у апарата ёсць захват, які можа дастаўляць на паверхню галатурый, марскіх зорак і вожыкаў, расліны для далейшага вывучэння. Удзельнікі экспедыцыі гэтым актыўна карыстаюцца і плануюць прывезці ўзоры ў Акадэмію навук", - сказаў Уладзіслаў Мямін.

Палярнікі ўдасканалілі апарат і прымацавалі да яго маленькія камеры GoPro, якія здымаюць паралельна з апаратам. "Атрыманы ўнікальныя здымкі і нават кіназдымка падводнага свету ля берагоў. Цяпер можна будзе вывучаць, якія віды арганізмаў там жывуць, якая іх колькасць, якое прымяненне ім можна знайсці", - адзначыў вучоны.

Паводле яго слоў, цяжкасць даследаванняў палярнікаў заключаецца ў тым, што ў Антарктыцы цяпер вельмі рэзка пачынаецца крыгалом. "Калі б палярнікі мелі магчымасць працаваць з апаратам з лёду, то маглі б адразу вывесці яго на глыбіню 100 м і вывучаць, што там знаходзіцца. Але ім даводзіцца працаваць з берага, таму патрэбна шмат часу, каб апарат дасягнуў неабходнай глыбіні. Да таго ж патрэбна пераадолець мелкаводдзе, а даўжыня кабелю абмежаваная - усяго 150 м", - растлумачыў Уладзіслаў Мямін.

Таксама палярнікі выпрабавалі апарат "Гном" у антарктычных азёрах. "У гэтых азёрах няма буйных жывёл. Самы вялікі арганізм - дафнія памерам каля 2 мм. Вада ў антарктычных азёрах мае празрыстасць 15-20 м", - дадаў вучоны.

Старт 9-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі быў дадзены ў канцы кастрычніка 2016 года ў Нацыянальнай акадэміі навук. У пачатку лістапада з Мінска ў Санкт-Пецярбург на борт карабля "Акадэмік Фёдараў" было адпраўлена каля 40 т экспедыцыйнага грузу, уключаючы канструкцыі другога аб'екта Беларускай антарктычнай станцыі. У сярэдзіне лістапада асабовы склад экспедыцыі адправіўся ў Антарктыку. У склад экспедыцыі ўвайшлі 6 чалавек. Плануецца, што ўдзельнікі антарктычнай экспедыцыі вернуцца ў Беларусь 23 красавіка.-0-

Фота ўдзельнікаў 9-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі