Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 студзеня 2019, 11:17

Беларускія медыкі прапануюць абмежаваць месцы для катання на цюбінгах

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Медыкі прапануюць абмежаваць месцы для катання на цюбінгах і рэгламентаваць іх продаж. Такая ініцыятыва прагучала на прэс-канферэнцыі "Асцярожна: цюбінгі! Прафілактыка зімовага траўматызму" ў БЕЛТА.

У прыватнасці, урач траўматолаг-артапед вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч адзначыў, што цюбінгі прадаюцца паўсюдна. "Яшчэ некалькі гадоў таму ніхто і не ведаў, што абсалютна бесперашкодна можна купіць такі небяспечны круг. Цюбінгі былі прызначаны менавіта для спартыўных мерапрыемстваў, на іх каталіся ў строга абмежаваных месцах, пад наглядам спецыялістаў, якія могуць несці за гэта адказнасць", - сказаў ён.

Сёння ў кожным мікрараёне можна знайсці горку, якая не прызначана для катання. Але дзіця не можа само сябе кантраляваць, у яго няма сродкаў абароны, што рэгламентаваны пры выкарыстанні цюбінгу як спартыўнага снарада. Андрэй Ярашэвіч лічыць неабходным прыцягнуць увагу і камунальных службаў, якія павінны пільна сачыць за тым, што адбываецца на гэтых горках. Неабходна зрабіць недаступным катанне ў дварах, каля праезнай часткі.

Як адзначыў кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Міхаіл Талабаеў, у гэтым відзе зімовых забаў дзецям падабаецца скорасць і некіруемасць, але менавіта гэта нясе небяспеку. "Цюбінг некіруемы, яго немагчыма спыніць, затармазіць і павярнуць. І катанне ў непрызначаных для гэтага месцах прыводзіць да траўматызму, - канстатаваў ён. - У нас кожны выхадны і святочны дзень звяртаюцца мінімум 10-15 дзяцей, якія былі траўміраваны".

Для змяншэння траўматызму важна інфармаваць людзей, упэўнены загадчык лабараторыі захворванняў і наступстваў траўмаў пазваночніка і спіннога мозга Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі, кандыдат навук, дацэнт Андрэй Бабкін. Трэба падрыхтаваць ролікі, каб людзі бачылі вынікі такіх траўмаў і па магчымасці мінімізавалі шкодныя наступствы для сябе. "Што датычыцца язды на цюбінгах, яе цалкам не забароніш. Але неабходна вызначыць спецыяльна абсталяваныя для гэтага месцы. Не павінна быць ніякіх перашкод, аб якія можа стукнуцца цюбінг. Дзеці павінны быць у суправаджэнні дарослых, а сама прадукцыя сертыфікавана", - падкрэсліў Андрэй Бабкін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі