Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 лістапада 2017, 16:04

Беларускі часопіс "Биатлон" прэзентаваны ў Маскве

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя спартыўнага беларускага часопіса "Биатлон" адбылася ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў беларускай дыпмісіі ў Маскве.

Адкрываючы мерапрыемства, часовы павераны ў справах Беларусі ў Расіі Юрый Ярашэвіч адзначыў, што ў рэспубліцы вельмі многае робіцца для развіцця спорту. "Безумоўна, вялікая заслуга ва ўзрастаючым інтарэсе да гэтага віду спорту належыць выдатным спартсменам, такім як трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава, якой па праву ганарацца і Беларусь, і Расія. Яна ў значнай ступені надала імпульс развіццю біятлона", - заявіў ён.

Калі Дар'я перамагала ў Сочы, расіяне радаваліся яе перамогам, як перамогам сваіх расійскіх спартсменаў. "Няхай і ў палітыцы, і ў бізнесе, і ў чалавечых адносінах паміж беларусамі і расіянамі заўсёды будзе так. Вашы перамогі будуць нашымі, а нашым перамогам расіяне таксама шчыра будуць радавацца, як сваім", - сказаў Юрый Ярашэвіч.

Беларускае выданне не мае аналагаў на постсавецкай прасторы. Галоўны рэдактар часопіса Вікторыя Тарасевіч упэўнена, што ён стане дадатковым інструментам камунікацыі і дасць магчымасць забяспечыць якасную зваротную сувязь з мэтавай аўдыторыяй, фарміруючы ў яе лаяльнае стаўленне да падзей, што адбываюцца ў жыцці біятлона.

Вялікую папулярнасць біятлона ў спартыўным асяроддзі адзначыў выканаўчы дырэктар Саюза біятляністаў Расіі Сяргей Косцін. Ён звярнуў увагу, што ў інтэрнэце 50 працэнтаў запытаў аб гэтым відзе спорту ў пошукавых сістэмах ажыццяўляецца на рускай мове. "Ілюстраваны часопіс будзе выдатным дапаўненнем для балельшчыкаў біятлона, у ім яны могуць даведацца пра самыя свежыя і цікавыя навіны", - падкрэсліў ён.

Сяргей Косцін пажадаў, каб у біятлонным календары побач з расійскім этапам Кубка свету быў і беларускі, а Рэспубліканскаму цэнтру па зімовых відах спорту "Раўбічы" - вяртання ў вялікі біятлон.

У прэзентацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі буйнейшых расійскіх спартыўных СМІ, федэральных інфармагенцтваў, друкаваных выданняў, магазінаў вядомых сусветных брэндаў спартыўнага адзення і інвентару, у якіх будзе распаўсюджвацца часопіс.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі