Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 жніўня 2017, 13:36

Беларусаў будуць рэгулярна інфармаваць аб бяспецы і якасці пітной вады

10 жніўня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусаў будуць рэгулярна інфармаваць аб бяспецы і якасці пітной вады. Гэта прадугледжана законапраектам "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Беларусі па пытаннях пітнога водазабеспячэння", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Палаты прадстаўнікоў Юрый Дарагакупец.

Паводле слоў парламентарыя, плануецца размяшчаць інфармацыю ў мясцовых СМІ, на сайтах райвыканкамаў, службаў ЖКГ. Тут можна будзе азнаёміцца з паказчыкамі радыяцыйнай, санітарна-эпідэміялагічнай бяспекі вады, даведацца, як будуць устараняцца праблемы, калі яны ёсць.

Астатнія аспекты больш датычацца тэхслужбаў, якія аказваюць паслугу па водазабеспячэнні. Так, у законапраекце рэгламентуецца падрыхтоўка пітной вады, прадугледжаны меры, накіраваныя на прадухіленне забруджвання, засмечвання і пашкоджанні крыніц і цэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння на тэрыторыях зон санітарнай аховы і многае іншае.

"Галоўная мэта паправак - стварыць умовы для аказання насельніцтву якаснай паслугі па сістэме водазабеспячэння", - падкрэсліў Юрый Дарагакупец.

Цяпер дэпутаты рыхтуюць законапраект да другога чытання. Ён уключаны ў графік для разгляду на асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў.

Даведацца аб якасці вады ў сваім доме ўжо цяпер могуць, напрыклад, мінчане - на сайце "Мінскводаканала". Тут размешчаны даныя аб жорсткасці, колькасці ў саставе жалеза, марганца, аміяку, нітратаў і іншыя паказчыкі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі