Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
10 верасня 2018, 16:39

Беларусь разлічвае прыняць удзел у праектах па асваенні Месяца

10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае прыняць удзел у міжнародных праектах па асваенні Месяца. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык у час XXXI Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Думаю, сёння будуць стварацца вельмі цікавыя задзелы па супрацоўніцтве. Чакаем запрашэння да ўдзелу ў шэрагу праектаў. Ёсць шмат задумак, якія могуць быць рэалізаваны. Будзем супрацоўнічаць з Інстытутам медыка-біялагічных праблем Расійскай акадэміі навук. Ужо гучала ідэя нашага ўдзелу ў праектах па асваенні Месяца. Думаю, беларусам знойдзецца ў іх месца, у нас ёсць вопыт, ёсць людзі. І я не выключаю, і нават хацелася б, каб мы ад навукі таксама пачыналі рыхтаваць свайго касманаўта для правядзення эксперыментаў на арбіце. Такая размова таксама была", - сказаў Сяргей Чыжык.

Ён падкрэсліў, што на міжнародны кангрэс у Беларусь прыехалі вядомыя людзі з розных краін: касманаўты, астранаўты, тайканаўты. "Яны ўбачаць нашу краіну, мы зможам сустрэцца з імі. Гэта наш задзел на будучыню для ўваходжання ў касмічную эліту. Мы ўжо касмічная краіна, але гэта яшчэ адзін крок для выхаду на больш высокі ўзровень", - перакананы першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.

"Космас - складаная, высокатэхналагічная сфера, якая цягне за сабой у развіцці і іншыя раздзелы навукі: фізіку, оптыку, новыя матэрыялы. Важны і біятэхналогіі: клеткі ва ўмовах космасу, умовах бязважкасці развіваюцца зусім па-іншаму. Гэта той фактар, які можа стымуляваць клетачныя працэсы і ўплываць на мікраарганізмы. А геаінфармацыйныя сістэмы забяспечваюць нас данымі аб нашай Зямлі - аб змяненнях клімату, канфігурацыі тэрыторыі. Гэта інфармацыя запатрабавана, яе выкарыстоўваюць такія ведамствы, як Мінсельгасхарч, Мінбудархітэктуры, кадастравая служба", - адзначыў Сяргей Чыжык.

XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў праходзіць у Мінску 9-15 верасня. АУКП - міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая створана ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатуемых касмічных палётаў. Міжнародны кангрэс АУКП штогод збірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі