Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 чэрвеня 2018, 14:30

Беларусь можа выкарыстаць вопыт краін ЕС у сферы заканадаўства аб працоўнай міграцыі - МУС

5 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа выкарыстаць вопыт краін ЕС у сферы заканадаўства аб працоўнай міграцыі. Аб гэтым сёння заявіў журналістам намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай Мельчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Семінар, прысвечаны мерам, якія трэба прыняць Беларусі для паляпшэння кіравання працоўнай міграцыяй, праходзіць у Мінску 5-6 чэрвеня. Мерапрыемства арганізавана Міжнародным цэнтрам па развіцці міграцыйнай палітыкі (МЦРМП) сумесна з МУС Беларусі пры рэалізацыі сумеснай ініцыятывы МЦРМП і Еўрасаюза - MIEUX "Роля міжнародных канвенцый аб працоўных-мігрантах".

Мікалай Мельчанка падкрэсліў важнасць вывучэння вопыту краін Еўрасаюза ў сферы заканадаўства аб працоўнай міграцыі. "Мы вывучалі вопыт і нарматыўныя дакументы іншых краін, супастаўлялі іх з беларускай заканадаўчай базай. Так, ёсць пэўныя моманты - у нас гэта крыху не так пабудавана, але я лічу, што вельмі многае можна пераняць у калег і партнёраў з Еўрасаюза", - сказаў намеснік міністра.

"На рынку працы ёсць патрэбнасць у высокакваліфікаваных работніках, мы зацікаўлены ў тым, каб да нас ехалі і працавалі, - адзначыў Мікалай Мельчанка. - Міжнародная міграцыя - гэта, перш за ўсё, эканамічны складнік, палітычны, але і бяспека. Як сілавое ведамства мы зацікаўлены, каб гэта не паўплывала на бяспеку нашай дзяржавы".

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын дадала, што працоўная міграцыя - праблематыка, якая важная як для Беларусі, так і для краін ЕС. "Як рамкі, неабходныя для вырашэння пытанняў у гэтай сферы, мы разглядаем канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Таму я рада, што і МУС Беларусі, і Нацыянальны сход разглядаюць мэтазгоднасць далучэння да гэтых канвенцый. Гэта ў перспектыве дапаможа гарантаваць правы людзей, якія выязджаюць працаваць за межы Беларусі, і тых, хто прыязджае для работы сюды", - падкрэсліла Андрэа Віктарын.

Семінар, які з'яўляецца заключным мерапрыемствам рэалізацыі праграмы MIEUX, прысвечаны прадстаўленню і абмеркаванню аналітычнага даклада аб заканадаўстве Беларусі ў галіне знешняй працоўнай міграцыі, азнаямленню з заканадаўствам ЕС у гэтай сферы, а таксама вызначэнню падыходаў да распрацоўкі комплекснай нацыянальнай міграцыйнай палітыкі. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі МУС Беларусі, Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, МЗС, Мінпрацы, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Федэрацыі прафсаюзаў, прадстаўніцтва ЕС, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, праграмы "Ла Страда Беларусь", агенцтва па працаўладкаванні.

Беларусь падала заяўку на ўдзел у праекце МЦРМП і Еўрасаюза - MIEUX "Роля міжнародных канвенцый аб працоўных-мігрантах" у студзені 2016 года ў сувязі з тым, што не з'яўляецца ўдзельніцай міжнародных канвенцый аб працоўных-мігрантах і рэгулярна атрымлівае рэкамендацыі аб далучэнні да іх. Ініцыятыва Беларусі была абумоўлена неабходнасцю вывучэння замежнага вопыту ў частцы вызначэння ролі такіх дагавораў і мэтазгоднасці далучэння да іх. Праект быў запушчаны ў кастрычніку 2016 года. За перыяд яго рэалізацыі праведзена каласальная работа па вывучэнні канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы, правядзенні параўнальнага аналізу і выпрацоўцы адпаведных рэкамендацый па ўдасканаленні заканадаўства Беларусі ў сферы знешняй працоўнай міграцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі