Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 красавіка 2019, 09:58

Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Мазамбіку і Зімбабвэ

16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь акажа гуманітарную дапамогу Мазамбіку і Зімбабвэ. Самалёт з гуманітарным грузам рыхтуецца да адпраўкі. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, паведамляе БЕЛТА.

На ўсходняе ўзбярэжжа Афрыканскага кантынента 15 сакавіка абрушыўся цыклон "Ідай", які прынёс з сабой ліўневыя дажджы і шквалісты вецер з парывамі да 177 км/гадз. У выніку ўдару стыхіі ў шэрагу рэгіёнаў Мазамбіка і Зімбабвэ разбурана значная частка гарадской і рэгіянальнай інфраструктуры.

Урады пацярпелых краін звярнуліся да сусветнай супольнасці і аб'явілі аб пачатку міжнароднай кампаніі па зборы гуманітарнай дапамогі. У Зімбабвэ аб'яўлена становішча нацыянальнай катастрофы.

У адрас Беларусі таксама паступілі афіцыйныя ноты аб аказанні гуманітарнай дапамогі і патрэбнасцях краін для таго, каб аблегчыць бядотнае становішча ахвяр цыклону. Па ўзгадненні з Прэзідэнтам прынята адпаведная пастанова Савета Міністраў Беларусі.

Беларускі бок уключыў у склад гуманітарнага грузу цукар, муку, ялавічную тушонку, кансервы мясныя для дзяцей, мыла, коўдры, пральны парашок, адзенне і абутак для дарослых і дзяцей, школьныя сшыткі, сталовыя прыборы на суму большую за Br656 тыс. Дастаўка грузу будзе выканана авіяцыйным транспартам. Суправаджаць груз да месца дастаўкі і разгрузкі будуць работнікі МНС.

Ахвярамі цыклону ў Мазамбіку сталі 446 чалавек, амаль 65 тыс. звярнуліся па медыцынскую і гуманітарную дапамогу ў цэнтры па прыёме пацярпелага насельніцтва, больш за 530 тыс. чалавек засталіся без ежы, дома, электраэнергіі і водазабеспячэння. У Зімбабвэ таксама масавыя разбурэнні вёсак, школ, бальніц, дарог і мастоў, ёсць ахвяры сярод насельніцтва. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Зімбабвэ загінулі 185 чалавек, сотні чалавек лічацца прапаўшымі без вестак, 186 параненых, 50 тыс. чалавек знаходзяцца без ежы, электраэнергіі або водазабеспячэння.-0-

Фота МНС

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі