Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 кастрычніка 2016, 19:16

Асацыяцыя рознічных сетак: мы за барацьбу з алкагалізмам, але супраць неабдуманых рашэнняў у сферы гандлю

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Члены Асацыяцыі рознічных сетак падтрымліваюць барацьбу з алкагалізмам, але пры гэтым лічаць, што неабдуманыя новаўвядзенні ў сферы гандлю могуць прывесці да сур'ёзных эканамічных вынікаў. Такую пазіцыю кіраўнікі беларускіх гандлёвых сетак агучылі сёння ў час прэс-канферэнцыі ў БЕЛТА.

"Члены асацыяцыі дзвюма рукамі за барацьбу з алкагалізмам, - падкрэсліў сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Сяргей Смольскі. - Мы поўнасцю падтрымліваем работу, накіраваную на паляпшэнне здароўя нацыі і ўмацаванне дэмаграфічнай бяспекі краіны, і самі гатовы ў ёй удзельнічаць. Але ў нас выклікаюць сумненні некаторыя прапанаваныя меры па рэгуляванні рознічнага гандлю алкагольнымі напіткамі".

Так, магазіны будуць абавязаны прадаваць спіртныя напіткі, у тым ліку піва, толькі праз спецыялізаваныя аддзелы, а час гандлю алкаголем прапануецца абмежаваць перыядам з 9.00 да 22.00. Прадстаўнікі рэтэйлу адзначылі, што калі такія абмежаванні будуць уведзены, то гэта прывядзе да сур'ёзных вынікаў.

"Беларусы - не нацыя алкаголікаў, каб заганяць іх ва ўмовы ў стылі 90-х, - упэўнены Сяргей Смольскі. - Гэта выкліча незадаволенасць большасці насельніцтва і створыць значныя нязручнасці. Людзі павінны будуць адстаяць адну чаргу, а потым пайсці ў іншы аддзел і адстаяць там чаргу". Прычым мэтавай, так сказаць, групы алкаголікаў гэтыя меры не закрануць, лічыць ён, паколькі яны ўжо даўно знайшлі сабе альтэрнатыву. "Такім чынам, гэта абмяжуе выключна легальны гандаль для нармальных людзей. Таму цяпер мы выносім гэтыя пытанні на грамадскае абмеркаванне", - адзначыў прадстаўнік беларускага рэтэйлу.

"Улічваючы, што алкаголь сёння прысутнічае ў 40 працэнтах чэкаў пакупнікоў, прапанаваныя абмежаванні істотна паўплываюць на тавараабарот гандлёвых сетак, які за тры кварталы 2016 года і так знізіўся на 3,1 працэнта", - падкрэсліў сустаршыня Асацыяцыі рознічных сетак Андрэй Зубкоў. Паводле ацэнак асацыяцыі, у лепшым выпадку тавараабарот можа знізіцца на некалькі працэнтаў, а ў горшым спад можа дасягнуць 25 працэнтаў.

У першую чаргу новаўвядзенні могуць негатыўна паўплываць на рэнтабельнасць невялікіх магазінаў фармату "каля дома", якая і без таго балансуе каля нулявой адзнакі. "Паводле даных асацыяцыі, на сёння доля магазінаў такога фармату дасягае 80 працэнтаў. Закрыццё гэтых гандлёвых аб'ектаў прывядзе да скарачэння вялікай колькасці рабочых месц. На сёння ў сферы беларускага рэтэйлу працаўладкаваны амаль 300 тыс чалавек", - падкрэсліла выканаўчы дырэктар Асацыяцыі рознічных сетак Таццяна Закжэўская.

Таксама любая спроба ўвесці абмежаванні на легальны гандаль алкаголем тут жа выкліча рост продажаў кантрафактнай і падробленай прадукцыі, звярнулі ўвагу члены Асацыяцыі рознічных сетак. У свой час забарона гандлю спіртным у прыдарожным магазіне "Еўрапейскі" прывяла да ўзнікнення побач з гэтым аб'ектам цэлага стыхійнага рынку па гандлі спіртным, прывяла яркі прыклад сустаршыня асацыяцыі Наталля Шаблінская. Асабліва сур'ёзна пытанне нелегальнага гандлю спіртным датычыцца рэгіёнаў, якія мяжуюць з Расіяй, дзе аб'ём афіцыйна прададзенага алкаголю ніжэйшы на 25 працэнтаў, чым у сярэднім па Беларусi.

"Пры гэтым у прапанаваных мерах нічога не гаворыцца аб узмацненні барацьбы і адказнасці за тую ж кантрафактную прадукцыю, за спіртазмяшчальныя лекавыя прэпараты, самагонаварэнне. Усе прапановы накіраваны на афіцыйны гандаль, і няма ні адной, накіраванай на нелегальны абарот алкаголю," - падкрэслілі беларускія рэтэйлеры.

У той жа час рост продажаў кантрафактнай і падробленай прадукцыі не толькі згубна паўплывае на здароўе насельніцтва, але і прынясе вялікі ўрон айчынным вытворцам спіртных напіткаў, звярнулі ўвагу прадстаўнікі асацыяцыі. Дадатковыя абмежаванні для продажу алкаголю ўнутры краіны, улічваючы няпростыя ўмовы на знешніх рынках, могуць прывесці да сур'ёзнага пагаршэння становішча індустрыі спіртных напіткаў. Як вынік - зніжэнне падатковых паступленняў у бюджэт і дадатковыя рызыкі для банкаўскай сферы, звязаныя з ускладненнем абслугоўвання крэдытаў, якія, у тым ліку, былі ўзяты гандлёвымі сеткамі для закупак айчыннага алкаголю, каб падтрымаць вытворцаў.

"Члены Асацыяцыі рознічных сетак за барацьбу з алкагалізмам. Але прапанаваныя меры, на наш погляд, не дадуць магчымасці дасягнуць пастаўленых высокіх мэт. Вядома, забаронныя і абмежавальныя спосабы самыя простыя, але на гэтым не раз ужо апякаліся", - рэзюмаваў Сяргей Смольскі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі