Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
20 сакавіка 2017, 15:51

Асабовы склад, ваенная тэхніка і прадстаўнікі Захаду - Раўкоў расказаў пра падрабязнасці вучэння "Захад-2017"

20 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў задуму сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017". Аб гэтым паведаміў журналістам міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ад Кольскага паўвострава да Беларусі

"Прасторавы размах гэтага вучэння вельмі вялікі - ад Кольскага напрамку ў арктычнай зоне і заканчваючы Беларуссю", - расказаў міністр.

На тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана 7 палігонаў і ўчасткаў мясцовасці для рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Тэрміны

Плануецца, што вучэнне "Захад-2017" пройдзе з 14 па 20 верасня.

Андрэй Раўкоў нагадаў, што ў склад рэгіянальнай групоўкі войскаў уваходзяць Узброеныя Сілы Беларусі і 1-я танкавая армія Заходняй ваеннай акругі Расіі. Частка сіл і сродкаў гэтай танкавай арміі прыбудзе на тэрыторыю Беларусі для ўдзелу ў вучэнні.

Колькасць і расійскі складнік

Агульная колькасць войскаў, што прыцягваюцца на вучэнні, не будзе перавышаць тых параметраў, якія вызначаны Венскім дакументам 2011 года, - не больш за 13 тыс. чалавек асабовага складу.

"Ад Расійскай Федэрацыі для ўдзелу на нашай тэрыторыі ў сумесным стратэгічным вучэнні плануецца каля 3 тыс. ваеннаслужачых і амаль 280 адзінак тэхнікі", - паведаміў міністр.

Акрамя сухапутнага складніка будзе задзейнічана і авіяцыя, у тым ліку да 25 лятальных апаратаў з расійскага боку.

"Ніякага ажыятажу няма. Усё планава", - запэўніў Андрэй Раўкоў.

Абарончая тэматыка

"Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што такое вучэнне - гэта спосаб падрыхтоўкі рэгіянальнай групоўкі войскаў, якая з'яўляецца гарантам у пытаннях абароны тэрыторыі Саюзнай дзяржавы на заходнім напрамку", - адзначыў міністр.

Адпаведна, адпрацоўваецца абарончая тэматыка вучэння. Яго задача - праверыць гатоўнасць рэгіянальнай групоўкі войскаў да выканання задач па абароне Саюзнай дзяржавы.

Запрашэнні партнёрам на Захадзе

"Накіраванасць рэгіянальнай групоўкі войскаў, падрыхтоўка і трэніроўка яе дзеянняў заключаецца менавіта ў абарончым складніку. Для таго каб прадстаўнікі НАТА, заходніх дзяржаў маглі пераканацца ў гэтым, мы запрашаем адпаведную катэгорыю", - расказаў Андрэй Раўкоў.

Паводле яго слоў, на сённяшні дзень з боку замежных партнёраў ёсць сур'ёзная зацікаўленасць у прыездзе і назіранні за ходам вучэнняў.

"Мы накіруем запрашэнні за 50 сутак да пачатку вучэнняў. Тыя патрэбнасці, аб якіх заяўляюць заходнія партнёры, будуць выкананы", - сказаў міністр.

Як паведамлялася, тэмай маючага адбыцца вучэння стане падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Мэтамі мерапрыемства з'яўляюцца ўдасканаленне аператыўнай сумяшчальнасці штабоў розных узроўняў, а таксама спалучэнне перспектыўных сістэм кіравання войскамі і зброяй; апрабацыя палажэнняў новых статутных дакументаў, распрацаваных ва ўзброеных сілах Беларусі і Расіі; атрыманне практыкі камандуючымі, камандзірамі і штабамі па планаванні мерапрыемстваў ваеннага характару па стабілізацыі абстаноўкі і кіраванні войскамі (сіламі) у ходзе іх правядзення.

Вучэнне пройдзе ў два этапы. Акрамя адпрацоўкі пытанняў прымянення груповак войскаў будуць практычна выконвацца задачы тэрытарыяльнай абароны, узмацнення аховы дзяржаўнай граніцы, аднаўлення баяздольнасці войскаў і ўсебаковага забеспячэння.-0-

Лукашэнка зацвердзіў задуму беларуска-расійскага вучэння "Захад-2017"Лукашэнка зацвердзіў задуму беларуска-расійскага вучэння "Захад-2017"
Вучэнне плануецца правесці ў верасні 2017 года. Яно стане завяршальным этапам сумеснай падрыхтоўкі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі ў бягучым вучэбным годзе. Па рашэнні кіраўнікоў дзяржаў такія вучэнні праводзяцца раз у два гады на тэрыторыі адной з дзяржаў.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі