Сцяг Субота, 11 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 жніўня 2019, 15:07

Акцыя "Увага - дзеці!" стартуе ў Беларусі 25 жніўня

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акцыя МУС "Увага - дзеці!" стартуе ў Беларусі 25 жніўня, у час яе правядзення вадзіцелям неабходна будзе ездзіць днём з уключанымі фарамі. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва УДАІ МУС Беларусі.

Традыцыйна з 25 жніўня па 5 верасня МУС праводзіць спецыяльнае комплекснае мерапрыемства "Увага - дзеці!". Прафілактычная акцыя прызначана прыцягнуць усеагульную ўвагу да праблемы забеспячэння бяспекі дзяцей на дарозе, павысіць узровень адказнасці бацькоў і вадзіцеляў.

"Міліцыя грамадскай бяспекі, педагогі і бацькі аб'яднаюць свае намаганні па гарантаванні бяспекі дзяцей. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў прымуць удзел ва ўрачыстых лінейках у пачатку навучальнага года, правядуць са школьнікамі класныя гадзіны. Асаблівая ўвага будзе сканцэнтравана на прафілактычнай рабоце з бацькамі. Міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць дарослым прычыны і наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, нагадаюць аб правілах бяспечнай перавозкі непаўналетніх, адказнасці за парушэнні ПДР, а таксама неабходнасці асабістага прыкладу правільных і бяспечных паводзін на дарозе", - расказалі ў Дзяржаўтаінспекцыі.

Інспектары ДАІ ў гэтыя выхадныя дні правядуць рэйды па спыненні парушэнняў Правіл дарожнага руху. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца выкананню вадзіцелямі скораснага рэжыму, правіл праезду пешаходных пераходаў і бяспечнай перавозкі дзяцей.

"Дзяржаўтаінспекцыя заклікае вадзіцеляў быць максімальна ўважлівымі пры руху паблізу дзіцячых устаноў, праездзе нерэгулюемых пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту і асабліва ў дварах. У мэтах папярэджання траўматызму непаўналетніх у дні правядзення спецмерапрыемстваў МУС рух транспартных сродкаў у светлы час сутак павінен ажыццяўляцца з уключаным блізкім святлом фар", - адзначылі ў ДАІ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі