Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
16 снежня 2015, 12:42

Адкрыты рух па першым участку МКАД-2

16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рух па першым участку другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска (МКАД-2) адкрыты, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Кацярына Грыб.

Рух адкрываецца па чацвёртай і пятай чэргах другой МКАД на ўчастку ад дарогі Р-28 Мінск - Маладзечна - Нарач да аўтатрасы М-6 Мінск - Гродна. Такім чынам, з сённяшняга дня для транспарту стане поўнасцю даступным каля 47 км новай аўтадарогі, якая злучыла віцебскую і гродзенскую шашы, удакладніла прэс-сакратар. "З пускам руху па першым участку МКАД-2 з'явіцца магчымасць накіраваць транзітныя патокі з гродзенскага і віцебскага напрамкаў у абход сталіцы. Новая дарога з'яўляецца бясплатнай, і ўвядзенне платы за праезд па ёй не плануецца", - звярнула ўвагу Кацярына Грыб.

Яна канстатавала, што карыстальнікі атрымалі камфортную чатырохпалосную шашу з цэментабетонным пакрыццём, якое адпавядае сучасным патрабаванням. МКАД-2 мае па дзве паласы руху ў кожным напрамку, масты і пуцеправоды, якія раздзяляюць транспартныя патокі, двухбаковую бар'ерную агароджу па восі дарогі для выключэння лабавых сутыкненняў, сеткавую агароджу ад жывёл уздоўж трасы ў раёне лясных масіваў, светлавыя табло для інфармавання вадзіцеляў аб сітуацыі на дарозе.

Як падкрэсліла прэс-сакратар, першы этап узвядзення другой кальцавой быў падзелены на некалькі чэргаў. На першых трох работы былі завершаны раней, і 6 кастрычніка адбылося іх урачыстае адкрыццё з удзелам кіраўніка дзяржавы. У цэлым будаўніцтва МКАД-2 падзелена на два этапы. Работы па першым з іх цяпер завяршаюцца. На другім этапе плануецца пабудаваць дарогу працягласцю 41,4 км, якая злучыць гродзенскую і брэсцкую шашы. Гэтыя работы прадугледжваецца завяршыць у 2017 годзе. Агульная працягласць МКАД-2 складзе амаль 160 км (новае будаўніцтва - каля 90 км, а таксама існуючыя ўчасткі аўтадарог М-1/Е30, М-2 і Р-80 - 70 км).

Заказчык будаўніцтва - РУП "Мінскаўтадар-Цэнтр", праекціроўшчык - РУП "Белгіпрадар". Работы на аб'екце выконваюць падрадныя арганізацыі холдынга "Белаўтадар", навукова-тэхнічнае суправаджэнне ажыццяўляе ДП "БелдарНДІ".

Рашэнне аб узвядзенні другой МКАД было прынята яшчэ ў 2010 годзе, але актыўную работу па яе будаўніцтве пачалі ў 2014 годзе пасля адпаведных даручэнняў Прэзідэнта. Мэта праекта - разгрузіць сталіцу ад транзітнага патоку аўтамабіляў, палепшыць экалагічную сітуацыю горада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі