Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
31 мая 2018, 16:35

Ад разведкі да воінскай дысцыпліны - абнародаваны вынікі праверкі Узброеных Сіл Беларусі

31 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Нягледзячы на складанасць задач, якія ставіліся перад Узброенымі Сіламі Беларусі ў ходзе праведзенай з лютага па красавік бягучага года праверкі, ніводная з і не была правалена, і беларуская армія ў цэлым справілася з усім спектрам пытанняў. Аб гэтым сёння расказаў журналістам па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась.

"Праверка была маштабная і раптоўная, закранула тысячы ваеннаслужачых, сотні адзінак тэхнікі. Правяраліся менавіта тыя пытанні, якія патрабуюць асаблівай увагі ў сучасных умовах. Многія з гэтых пытанняў правяраліся ўпершыню. Гэта значыць праверка не была простай ні для Узброеных Сіл, ні для тых людзей, якія на ёй працавалі. Адбыўся разбор вынікаў усёй гэтай работы. Атрымалася даволі прынцыповая і нават жорсткая размова. Таму што ёсць недахопы. Яны ў асноўным суб'ектыўнага характару", - сказаў дзяржсакратар.

Сілы неадкладнага рэагавання

Станіслаў Зась расказаў аб праверцы новага кампанента ў беларускай арміі - сіл неадкладнага рэагавання. Правяралася баявая гатоўнасць іх дзяжурных падраздзяленняў. "Гэта падраздзяленні, якія маюць высокі ўзровень гатоўнасці, - растлумачыў дзяржсакратар. - І яны абавязаны нават не праз гадзіны, а хвіліны пасля сігналу выйсці на баявой тэхніцы з усім узбраеннем для вырашэння любых баявых задач".

Гэтыя падраздзяленні былі правераны па поўным цыкле на незнаёмай мясцовасці і ва ўмовах работы па рэальных аб'ектах. З задачамі справіліся.

Разведка

Асаблівая ўвага звярталася на сістэму баявога дзяжурства па разведцы, узровень падрыхтоўкі спецыялістаў і якасць "прадукту", што атрымліваецца ў выніку дзяжурства, яго далейшае выкарыстанне.

Проціпаветраная абарона

У час праверкі таксама была ўдзелена вялікая ўвага баявому дзяжурству па ППА. "Наша паветраная прастора павінна быць надзейна прыкрыта ў любой абстаноўцы. Таму ў кожную праверку Узброеных Сіл мы ўключаем пытанні праверкі ППА. Усяго было выкарыстана 14 кантрольных цэлей, якія запускаліся з розных напрамкаў на розных вышынях, як правіла, нізкіх, раптоўна для сістэмы ППА. Ніводная з гэтых кантрольных цэлей не засталася без уздзеяння. У цэлым сістэма працуе і справілася з задачамі. Так, ёсць недахопы і недапрацоўкі ў асобных падраздзяленнях, і сёння ішла аб гэтым размова", - адзначыў Станіслаў Зась.

Адмабілізаванне і медыцына

Яшчэ адно пытанне, якое падпала пад праверку, - сістэма адмабілізавання Узброеных Сіл. Яна правяралася шляхам фарміравання механізаванай брыгады. Практычна з нуля было сфарміравана злучэнне, прызваны з запасу амаль 2 тыс. чалавек, праведзены ўвесь цыкл фарміравання брыгады і яе баявога зладжвання. У далейшым з мэтай праверкі былі праведзены розныя вучэнні.

Паводле слоў дзяржсакратара, новым элементам праверкі з'явілася тое, што ўпершыню быў разгорнуты медыцынскі атрад, ацэнена сістэма медыцынскага забеспячэння ў баявых умовах. "Ёсць праблема, вядома. Як відаць, наспела неабходнасць пераглядаць гэту сістэму. Прэзідэнт сёння аб гэтым дакладна сказаў. Трэба адыходзіць ад савецкіх падыходаў і арыентавацца на тое, што ў нас рэальна ёсць - мы маем густую развітую сетку паліклінік і бальніц. І абапірацца трэба на гэта, а не разгортваць дзесьці дадаткова шпіталі", - сказаў Станіслаў Зась.

Воінская дысцыпліна

На нарадзе абмяркоўвалася таксама пытанне воінскай дысцыпліны ў арміі. Па гэтай тэме свае ацэнкі выказалі генпракурор, старшыня Следчага камітэта. У цэлым было адзначана, што злачыннасць ва Узброеных Сілах зніжаецца па ўсіх напрамках. Разам з тым адзначаецца ўсплёск у 2017 годзе выяўленых нестатутных узаемаадносін і звязаных з гэтым правапарушэнняў.

"Гэта больш вынікі работы праваахоўных органаў, якія, вядома, актывізаваліся па даручэнні кіраўніка дзяржавы і выварочвалі ўсё ва Узброеных Сілах. Ды і самога Міністэрства абароны па ўсёй вертыкалі. Гэта работа будзе прадаўжацца. Вядома, нестатутныя адносіны ў арміі ёсць, яны прысутнічаюць. І гаварыць, што мы цяпер ужо ўсё зрабілі для таго, каб іх не было, не даводзіцца. Гэта работа не аднаго дня і нават не аднаго года. Трэба над гэтым працаваць сістэмна і комплексна. І такая работа будзе прадоўжана", - заявіў дзяржсакратар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі