Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
11 верасня 2017, 18:41

Ад аграрнай сферы да нанатэхналогій - Гусакоў расказаў аб супрацоўніцтве Беларусі і Індыі ў навуцы

11 верасня, Нью-Дэлі /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнікі навуковай сферы Беларусі і Індыі на перагаворах у Нью-Дэлі абмеркавалі крокі далейшага супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў. Аб гэтым расказаў журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы папярэдне прапрацоўвалі нашы напрамкі супрацоўніцтва і цяпер абмеркавалі канкрэтныя бліжэйшыя крокі. Гэта павінна быць шырокае ўзаемадзеянне паміж вучонымі Беларусі і Індыі па розных напрамках. У нас працуюць вучоныя ў галіне парашковай металургіі, хіміі новых матэрыялаў, па водаачыстцы, у галіне лазернай тэхнікі, фундаментальных даследаванняў", - адзначыў Уладзімір Гусакоў.

У бліжэйшы час бакі абмяняюцца дэлегацыямі, якія дадуць магчымасць як больш дэталёва вызначыць новыя напрамкі супрацоўніцтва, так і давесці да канца пачатае ўжо. "Праекты намячаюцца добрыя, з нядрэнным коштам. Гэта праекты, якія павінны прыцягнуць у нашу краіну нядрэнныя фінансавыя сродкі. Таму мы вельмі зацікаўлены ў наладжванні ўзаемадзеяння", - падкрэсліў старшыня Прэзідыума НАН.

Ёсць агульныя падыходы ў вучоных дзвюх краін у галіне касмічных даследаванняў, машынабудаванні, у тым ліку ў сферы электратранспарту. Бакі таксама дамаўляліся аб работах у галіне аграрных, біятэхналагічных даследаванняў, нанатэхналогій.

На перагаворах у Нью-Дэлі абмяркоўвалася і супрацоўніцтва ў фармацэўтыцы, у прыватнасці, з прадстаўнікамі адной з буйнейшых індыйскіх кампаній Cipla, якая вырабляе і пастаўляе ў розныя краіны свету больш як 2 тыс. найменняў лекавых сродкаў. Сумесна з гэтай кампаніяй у НАН плануецца стварыць навуковы цэнтр.

Варта адзначыць, што ў лістападзе 2016 года паміж Беларуссю і Індыяй было зацверджана 10 новых сумесных навукова-даследчых праектаў для рэалізацыі ў 2017-2018 гадах у галінах аднаўляльнай энергетыкі, лячэння раку, фармацэўтыкі, новых матэрыялаў, крыптаграфіі. Наладжана супрацоўніцтва ў галіне камерцыялізацыі тэхналогій.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі