Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 красавіка 2012, 18:23

А.Лукашэнка: у малых гарадах трэба актыўней развіваць інавацыйныя вытворчасці з прыцягненнем бізнесу

6 красавіка, Асіповічы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае прыватны бізнес да большай ініцыятывы па развіццю новых вытворчасцей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 6 красавіка ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

У Асіповічах Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём інавацыйных вытворчасцей, якія арыентаваны не толькі на замяшчэнне імпарту, але і актыўна пастаўляюць сваю прадукцыю на экспарт.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці вобласці і раёна, а таксама аб выкананні даручэнняў, дадзеных у ходзе рабочай паездкі ў Асіповічы ў ліпені 2011 года, якія датычыліся рэалізацыі праекта паэтапнага ўвядзення ў эксплуатацыю аб'екта СЗАТ "Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод". Тады Аляксандр Лукашэнка даручыў сумесна з інвестарам ЗАТ "Гранд Экспрэс" прыняць неабходныя меры па будаўніцтву вытворчага корпуса па выпуску мадэлей грузавых вагонаў магутнасцю 2500 адзінак у год, якія не вырабляюцца СЗАТ "Магілёўскі вагонабудаўнічы завод", і танк-кантэйнераў магутнасцю 2 тыс. адзінак у год. Планавалася, што новая вытворчасць павінна быць выведзена на поўную праектную магутнасць да канца бягучага года.

Цяпер ужо завершаны першы этап - будаўніцтва вытворчага корпуса. На працягу года туды павінна быць завезена і зманціравана неабходнае абсталяванне. З больш як $130 млн. інвестыцый, прадугледжаных інвестыцыйным дагаворам паміж Беларуссю і ЗАТ "Гранд Экспрэс", на сённяшні дзень ужо асвоена амаль $117 млн.

Старшыня Камітэта дзяржкантролю Аляксандр Якабсон і віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін выказалі занепакоенасць наконт тэмпаў рэалізацыі наступнага этапу інвестпраекта ў сувязі з тым, што пастаўка і мантаж абсталявання адстаюць ад графіка.

Тым не менш Аляксандр Якабсон выказаў упэўненасць, што праект будзе рэалізаваны ў поўным аб'ёме. "Будаўнічая гатоўнасць аб'екта добрая, і якасць нядрэнная. Ёсць поўная ўпэўненасць, што завод будзе. Гэта самае галоўнае", - сказаў ён.

Прэзідэнт запатрабаваў рэалізаваць інвестыцыйны праект у раней намечаныя тэрміны. "Тыя рашэнні, якія прыняты, павінны быць выкананы бездакорна. Інвестара трэба напружваць. Яму трэба выразна сказаць, што будзе, калі ён не выканае ў тэрмін абяцанне. У астатнім трэба яго падтрымліваць, дапамагаць. Ён не чужы тут", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

У цэнтры ўвагі знаходзілася таксама тэма развіцця інавацыйных вытворчасцей у малых гарадах і стварэння дадатковых рабочых месц.

Наведваючы ЗАТ "Алцімед" у Асіповічах, Аляксандр Лукашэнка даручыў стварыць спрыяльныя ўмовы для далейшага развіцця вытворчасці сістэм эндапратэзавання.

У прыватнасці, як далажылі Прэзідэнту, прадпрыемства плануе пашыраць наменклатуру прадукцыі і развіваць вытворчыя магутнасці. Арганізацыяй вядуцца навуковыя распрацоўкі прынцыпова новых вырабаў, якія прымяняюцца ў траўматалогіі, артапедыі і хурургіі, такіх як каленны сустаў, міжпазванковы дыск, зубныя імплантаты, сасудзістыя пратэзы, каранарныя стэнты.

Прадукцыя ЗАТ "Алцімед", якая вырабляецца і запланавана да выпуску, з'яўляецца імпартазамяшчальнай і запатрабаванай як на ўнутраным рынку краіны, так і за мяжой. У Беларусі ў 80 працэнтах выпадкаў праводзяцца аперацыі з выкарыстаннем эндапратэзаў названага прадпрыемства. Пры гэтым айчынныя эндапратэзы абыходзяцца ў два-тры разы танней, чым замежныя аналагі. "Пры нашым узроўні сабекошту мы можам канкурыраваць з любым прадпрыемствам. Трэба толькі мець жаданне", - лічыць Прэзідэнт.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Тур адзначыў, што створаная на прадпрыемстве вытворчасць адпавядае найбольш высокаму на сённяшні дзень узроўню тэхналагічнага ўкладу.

Кіраўнік дзяржавы адобрыў планы па далейшаму развіццю і пашырэнню вытворчасці ЗАТ "Алцімед". "Трэба ў гэтым плане дапамагчы, каб валакіты не было. Калі ёсць рынак, яго трэба займаць цяпер і трымаць", - падкрэсліў ён.

Развіццё сеткі продажаў, стварэнне міжнародных гандлёва-складскіх і дэманстрацыйных цэнтраў у Расіі, Еўропе, Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўднёвай Амерыцы дасць магчымасць аператыўна рэагаваць на патрэбы спажыўцоў і замацаваць міжнародны імідж брэнда выпускаемай ЗАТ "Алцімед" прадукцыі. Стратэгіяй развіцця бізнесу з'яўляецца заваяванне за 5-8 гадоў 14 працэнтаў сусветнага рынку тазасцегнавога эндапратэзавання і 30 працэнтаў рынку стаматалагічных імплантаў.

Яшчэ адной вытворчасцю, якую наведаў у гэты дзень Прэзідэнт, стала замежнае прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "Парфумерна-касметычная фабрыка "Сонца".

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай прадпрыемства, тэхналагічным цыклам вытворчасці сінтэтычных мыйных сродкаў і тавараў бытавой хіміі.

Парфумерна-касметычная фабрыка "Сонца" створана ў студзені 2010 года. Яе ўладальнік - інвестыцыйная кампанія Lebortovo Capital Partners Limited, заснавальнікам якой з'яўляецца група беларускіх і замежных інвестараў. Прадукцыя фабрыкі ўжо заваявала вядомасць на ўнутраным рынку краіны - пральныя парашкі пад брэндамі "Мара", April, "Чайка" карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Па выніках даследаванняў рознічнага гандлю, праводзімых па методыцы міжнароднай кампаніі "Эй-Сі Нільсен" у Беларусі, парфумерна-касметычная фабрыка "Сонца" з'яўляецца лідарам на мясцовым рынку (доля кампаніі ў грашовым выражэнні складае амаль 25 працэнтаў), а брэнд "Мара" займае першае месца па долі рынку ў натуральным і грашовым выражэнні сярод усіх пральных парашкоў.

Інвестарам у развіццё вытворчасці ўкладзена больш як $30 млн. Гэта адзін з буйнейшых інвестпраектаў Беларусі, рэалізаваны за апошнія два гады. Яго мэтай з'яўляецца арганізацыя сучаснай імпартазамяшчальнай вытворчасці з аб'ёмам выпуску да 50 тыс.т у год сухіх і 24 тыс.т вадкіх мыйных сродкаў. Гэта дасць магчымасць замясціць амаль 75 працэнтаў такой прадукцыі, імпартуемай у краіну.

Для рэалізацыі праекта ва ўласнасць інвестару бязвыплатна быў перададзены незавершаны будаўніцтвам будынак, які не выкарыстоўваўся больш як 15 гадоў. У чэрвені 2011 года была запушчана першая чарга завода і пачата вытворчасць пральных парашкоў "Мара", са снежня 2011 года выпускаюцца вадкія мыйныя сродкі і тавары бытавой хіміі, у тым ліку сродкі для мыцця пасуды. Як расказаў старшыня наглядальнага савета фабрыкі Сяргей Левін, інвестыцыйную праграму ўдалося выканаць датэрмінова.

У мінулым годзе прадпрыемства выпусціла больш як 6 тыс.т сінтэтычных мыйных сродкаў, у студзені-лютым 2012 года - 1,5 тыс.т. За кошт павелічэння фабрыкай вытворчасці расце і доля продажу айчыннай прадукцыі. Калі ў 2011 годзе на долю беларускіх вытворцаў прыпадала 48,6 працэнта продажу сінтэтычных мыйных сродкаў, то за два месяцы 2012 года - ужо 52,4 працэнта.

У планах прадпрыемства - павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці і рэалізацыі, у тым ліку за кошт пашырэння асартыменту вырабляемай прадукцыі, у першую чаргу вадкіх мыйных сродкаў. Так, у 2012 годзе плануецца наладзіць выпуск вадкіх сродкаў для мыцця, шырокай лінейкі тавараў асабістай гігіены: шампуняў, кандыцыянераў, пены для ваннаў.

Кампанія пачынае асвойваць і знешнія рынкі. Першыя пастаўкі ў кастрычніку мінулага года зроблены ва Украіну, са студзеня 2012-га прадукцыя паступае ў Расію, а з лютага - у Казахстан і краіны Балтыі. Прадпрыемства плануе заняць значную долю ўнутранага рынку і паступова нарошчваць аб'ёмы экспартных паставак.

Гэта ўжо трэці паспяховы праект інвестара, раней ён стварыў у Беларусі піваварную кампанію "Сябар" і кампанію па вытворчасці сокаў "Старая крэпасць". У цэлым яго інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі Магілёўскай вобласці перасягнулі $100 млн.

Як расказаў кіраўніку дзяржавы Сяргей Левін, у планах - пачаць рэалізацыю і іншых праектаў у Беларусі. У прыватнасці, у Мінскім раёне плануецца пабудаваць малочны, селекцыйны і ветэрынарны комплекс з укладаннем у гэты складаны праект $65 млн. Пакуль жа кампанія вызначаецца з тэхналогіямі, па якіх будзе працаваць, вывучае галандскі і ізраільскі вопыт. Аляксандр Лукашэнка выказаў зацікаўленасць і звярнуў увагу на тое, што праект павінен прыносіць карысць краіне. "Каб не атрымалася, як з расіянамі: тут танней узялі, там даражэй прадалі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сяргей Левін падзяліўся з Прэзідэнтам думкамі аб рэалізацыі і іншых буйных праектаў. Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў падтрымку развіцця прыватна-дзяржаўнага партнёрства і заклікаў бізнес да большай ініцыятывы па развіццю новых вытворчасцей.

"Вялікі недахоп, што ў нас вельмі мала новых бізнесменаў, якія будавалі б такія вытворчасці", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся таксама з выстаўкай імпартазамяшчальнай прадукцыі, выпускаемай на прадпрыемствах Асіповіч. Прэзідэнт агледзеў вырабляемы спартыўны інвентар, які пастаўляецца для трэніровачнага працэсу весляроў-байдарачнікаў, прадукцыю шклозавода "Ялізава" і прадпрыемстваў па выпуску будаўнічых матэрыялаў і крыцця, прадэгуставаў кандытарскія вырабы фабрыкі "Белга".

Аляксандр Лукашэнка ў канцы паездкі закрануў тэму навядзення парадку і чыстаты. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб да 9 мая ўсе населеныя пункты былі прыведзены ў ідэальны парадак. Прэзідэнт лічыць, што мясцовыя ўлады недастаткова актыўна працуюць у гэтым напрамку. "Да 9 мая павінны быць чыстата і ідэальны парадак на кожным прадпрыемстве. Я ўжо не кажу пра гарады і вёскі. Усё павінна быць па-гаспадарску, як у прыватніка", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў парадак павінны быць прыведзены і прыватныя падвор'і.

"Усё пад адказнасць старшынь райвыканкамаў", - падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы не дагружаем старшынь сельсаветаў. Яны павінны пачынаць працаваць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка, адрасуючы свае словы губернатарам.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі