Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 ліпеня 2019, 22:15

Выступленне Прэзідэнта Беларусі на парадзе ў азнаменаванне Дня Незалежнасці

Выступленне на ваенным парадзе ў азнаменаванне 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі)

Таварышы салдаты, сяржанты, прапаршчыкі і афіцэры!

Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі і госці!

Сёння Беларусь урачыста адзначае галоўнае дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці.

Дзень, які ў далёкім 44-м вярнуў мір на змучаную фашысцкай акупацыяй зямлю. Паказаў нязломную сілу савецкага народа, беларусаў, якія стаялі насмерць за сваю свабоду.

Роўна 75 гадоў таму тут адгрымелі апошнія баі за сталіцу нашай Радзімы - горад Мінск. Гэта была перамога над самой смерцю. Гэта быў трыумф адзінства і сілы духу вялікага пакалення воінаў-вызваліцеляў.

Сёння мы зноў успамінаем усіх, хто гераічна трымаў удар агрэсара. І гэта памяць - частка нашай нацыянальнай самасвядомасці.

З году ў год 3 ліпеня мы асабліва востра ўспрымаем гераічныя эпізоды Вялікай Айчыннай вайны.

Пражываем нанова кожны эпізод, кожны факт, быццам самі да апошняй кроплі крыві абаранялі Брэсцкую крэпасць, Буйніцкае поле, паміралі ў лагеры смерці "Трасцянец", у дзіцячым канцлагеры "Чырвоны Бераг", гарэлі ў Хатыні, фарсіравалі Дняпроўскі рубеж.

Беларусь у далёкім 41-м першай прыняла на сябе ўдар захопнікаў і стала жывым шчытом на іх шляху. І ні пядзі роднай зямлі не было аддадзена ворагу без бою.

Супраціўленне пачалося з першых хвілін уварвання ворага. Але нават разбураная, акупіраваная Беларусь засталася няскоранай.

Дарагія сябры!

Мы 75 гадоў жывём пад чыстым небам. У імя свяшчэннай памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны абавязаны захаваць мір і незалежнасць сваёй зямлі. Перадаць гэту самую вялікую каштоўнасць у нашым жыцці наступным пакаленням.

Выканаць гэту важную місію - значыць дастойна процістаяць выкліку новых глабальных канфліктаў - ваенных, інфармацыйных, эканамічных. Такіх, якія ахопліваюць усе сферы жыцця, разбураюць дзяржаву знутры і адкідваюць на дзесяцігоддзі назад у развіцці. Часам без адзінага стрэлу, але ўсё часцей - па крывавых сцэнарыях.

У гэта глабальнае процістаянне ўцягнуты і невялікія дзяржавы. Усе сёння ваююць супраць усіх, і гэта адбываецца не проста вакол нас, а побач з нашымі граніцамі.

Мы маем намер выкарыстоўваць усе рэзервы для аднаўлення стабільнасці і спакою ў рэгіёне. Выстаўляючы міралюбівыя ініцыятывы, мы імкнёмся да галоўнай мэты - знайсці новыя шляхі і метады наладжвання ўзаемаадносін паміж рознымі геапалітычнымі сіламі.

Выключна для забеспячэння міру на сваёй зямлі мы ўмацоўваем баяздольнасць Узброеных Сіл, іншых воінскіх сіл і фарміраванняў.

З галоўным нашым стратэгічным партнёрам - Расіяй - ажыццяўляем ваеннае будаўніцтва, накіраванае на павышэнне абараназдольнасці Саюзнай дзяржавы.

Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з краінамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Пашыраем супрацоўніцтва ў ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах з Кітайскай Народнай Рэспублікай.

У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы продкі плячо ў плячо змагаліся супраць агульнага агрэсара як на захадзе, так і там, далёка на ўсходзе. І сёння мы разам стаім на варце спакою і дабрабыту нашых дзяржаў.

У гэтым годзе ў парадзе войскаў прымаюць удзел ваеннаслужачыя ўзброеных сіл Расіі і Кітая, а таксама брацкіх дзяржаў.

Паважаныя таварышы!

У гэты святочны дзень самыя цёплыя словы ўдзячнасці мы адрасуем удзельнікам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Ветэранам, якія замагаліся ў тыя гады ў радах Чырвонай арміі.

Дарагія суайчыннікі!

У гэты свяшчэнны для кожнага з нас дзень жадаю вам шчасця, міру, дабрабыту.

Слава беларускаму народу, які адстаяў свабоду і незалежнасць Айчыны!

Слава беларускай арміі - гаранту непарушнасці нашых рубяжоў!

Са святам!

З Днём Незалежнасці, Беларусь!

Ура!-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі