Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
29 кастрычніка 2018, 14:34

У трохгоддзі малой радзімы ў Беларусі 2019 год можа быць прысвечаны азеляненню і прыродзе

29 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што 2019 год у рэспубліцы, які таксама пройдзе пад знакам Года малой радзімы, можа быць прысвечаны азеляненню і прыродзе. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з актывам БРСМ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адказваючы на пытанні моладзі, кіраўнік дзяржавы зрабіў асаблівы акцэнт на прыродным багацці Беларусі, лясах і балотах, якія называюць "лёгкімі Еўропы". "Я вырас на прыродзе, чалавек з вёскі. Для мяне гэта блізка", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў падтрымку далейшай работы па азеляненні беларускіх гарадоў і сталіцы не толькі напярэдадні маючых адбыцца Еўрапейскіх гульняў, але і на перспектыву. Гэтаму напрамку будзе ўдзелена дадатковая ўвага і ў рамках Года малой радзімы, пад знакам якога ў Беларусі праходзяць 2018-2020 гады. "Калі я прымаў рашэнне аб тым, што гэта (2018-ы. - Заўвага БЕЛТА) будзе Год малой радзімы, я разумеў, што за год многае зрабіць не паспеем. Таму будзе тры гады. Але ў кожным годзе будзе нейкая ідэя, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Можа, працэс азелянення, адраджэння прыроды малой і вялікай радзімы стане асноўным ідэйным зместам 2019 года. У бліжэйшы час падумаем - міністры, Адміністрацыя, моладзь сваё слова скажа".

Ад прадстаўнікоў моладзі прагучала прапанова ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адкрыць паркі сямейных дрэў, дзе людзі маглі б пасадзіць дрэва да нейкай знамянальнай для іх сямейнай падзеі. "Цудоўная ініцыятыва. Абсалютна падтрымліваю. Чалавек прыйдзе і па плане, які будзе ў парку, пасадзіць сваё дрэўца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што сам ужо так зрабіў, пасадзіўшы дрэвы са сваімі сынамі і на тэрыторыі Палаца Незалежнасці, і жылой рэзідэнцыі.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў яшчэ адну прапанову - у наступным годзе правесці рэспубліканскі форум вясковай моладзі. Такое мерапрыемства ўжо добра зарэкамендавала сябе на рэгіянальным узроўні ў Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў наведаць гэту падзею, калі паступіць такое запрашэнне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі