Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 кастрычніка 2018, 11:17

Справядлівасць, ідэалогія, дысцыпліна і кадры - Лукашэнка актуалізаваў задачы Адміністрацыі Прэзідэнта

18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта актуалізаваў задачы, якія стаяць перад гэтым дзяржаўным органам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка назваў галоўным у рабоце сумленнае і справядлівае стаўленне да людзей. Акрамя таго, на парадку дня работы Адміністрацыі пастаяннае ўдасканаленне кадравай палітыкі на ўсіх узроўнях, падтрыманне выканальніцкай дысцыпліны і кантроль за выкананнем рашэнняў і даручэнняў кіраўніка дзяржавы, экспертна-прававая работа.

Прэзідэнт растлумачыў, што цяперашняя нарада з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта праводзіцца ў рэчышчы рашэння аб рэгулярным характары такіх мерапрыемстваў з палітычным, эканамічным і сілавым блокамі краіны. Склад Адміністрацыі ў апошні час быў часткова абноўлены, гэтым таксама выклікана неабходнасць актуалізацыі задач па некаторых напрамках.

Аб размежаванні паўнамоцтваў

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што задача Адміністрацыі - быць маналітным экспертным цэнтрам. Разам з тым ён звярнуў увагу на размежаванне кампетэнцыі і паўнамоцтваў, каб не дапускаць неразбярыхі ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі. "Вы павінны займацца сваёй справай. Я раблю на гэтым акцэнт, таму што з былым складам урада, ды і з цяперашнім у вас пачынаецца ўжо нейкая, як у народзе кажуць, неразбярыха. Вось гэтага быць не павінна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - А важнейшыя эканамічныя праблемы будуць разглядацца ва ўрадзе, і важнейшыя рашэнні будуць выпрацоўвацца там".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Адміністрацыя павінна выконваць ролю своеасаблівага фільтра па многіх пытаннях: "Вы не можаце змяніць рашэнне, напрыклад, урада. Вы проста павінны звярнуць увагу Прэзідэнта на тое, што тыя ці іншыя рашэнні разыходзяцца з яго патрабаваннямі і ўказаннямі. Гэтак жа, калі пытанне датычыцца сілавога блока краіны, у нас для гэтага ёсць Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі".

"Размежаванне паўнамоцтваў - гэта важнае пытанне. Але тое, што ўсе пытанні павінны праходзіць праз Адміністрацыю Прэзідэнта, гэта факт. Нікому не забараняецца звярнуць маю ўвагу нават на ваенныя пытанні, калі, з вашага пункту гледжання, там нешта не так. Але ў аснову заўсёды павінна быць пастаўлена дысцыпліна, дакладнае і своечасовае выкананне ўсіх задач і даручэнняў Прэзідэнта", - сказаў беларускі лідар.

Аб кадравай палітыцы

Гэты напрамак Аляксандр Лукашэнка назваў адной з ключавых функцый Адміністрацыі Прэзідэнта, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць удасканалення і паляпшэння кадравай палітыкі на ўсіх узроўнях. "Гэта маё нязменнае патрабаванне. Асабліва ў адносінах да асоб, уключаных у кадравы рэестр Прэзідэнта. Гэта ўжо ваш хлеб - кадравыя пытанні", - адзначыў Прэзідэнт.

"Як мы тут працуем - абмяркуем. Але ўзровень вашай работы па кадрах мяне не радуе, калі ўжо гаварыць шчыра. Працуеце вы пакуль слаба", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб ідэалогіі

"Вы тыя, хто павінен неадкладна рэагаваць на любыя змяненні сітуацыі ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах. Выпрацоўваць і акумуляваць самыя перадавыя ідэі, неабходныя для развіцця краіны. Людзей абыякавых тут быць не можа. Вы ведаеце, як імкліва часам і непрадказальна мяняецца сітуацыя ў свеце, услед за ёй - і свядомасць людзей. Першымі гэта павінны адчуваць людзі, якія працуюць у ідэалагічнай вертыкалі. Гэта адна з галоўных умоў стабільнасці ў грамадстве і аснова для далейшага развіцця", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Жаўняк і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава'

Ён падкрэсліў, што ідэолагі павінны ўмець працаваць з насельніцтвам, разумець праблемы людзей, дакладна і дзейсна адказваць на ўсе выклікі.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў пажаданне, каб работа ў сферы ідэалогіі ажыццяўлялася больш сістэмна. "Не ў захапленні я і ў гэтым плане. Прынамсі, сістэмы ў гэтай справе пакуль няма", - дадаў Прэзідэнт.

Аб сумленнасці і справядлівасці

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сумленнае і справядлівае стаўленне да людзей павінна быць вызначальным у рабоце. У якасці ілюстрацыі ён прывёў даныя аднаго з нядаўніх сацыялагічных апытанняў у Расіі, у час якога расіяне ў першую чаргу звярталі ўвагу на пытанне справядлівасці.

"Мы з вамі даўно ўдзяляем увагу менавіта гэтаму пытанню. І ў аснову нашай палітыкі, я заўсёды гэта гаварыў і патрабаваў, трэба пакласці пытанні справядлівасці", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб памочніках Прэзідэнта ў рэгіёнах

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асаблівая роля ў рэалізацыі агучаных падыходаў адводзіцца памочнікам Прэзідэнта. Акцэнт у іх рабоце - грамадска-палітычная і сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў рэгіёнах, абстаноўка ў кожным канкрэтным калектыве. "Як працуе мясцовая ўлада? Якія праблемы хвалююць жыхароў рэгіёна? Вы павінны валодаць сітуацыяй і своечасова рэагаваць на тое, што адбываецца", - вызначыў Аляксандр Лукашэнка кола актуальных пытанняў.

"Больш таго, ажыццяўляючы кадравую палітыку (вы яшчэ і інспектары па кадрах у кожным рэгіёне), кадры трэба ацэньваць менавіта з гэтых пазіцый: як развіваецца сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў тым ці іншым рэгіёне і якая тут роля кадраў", - заявіў беларускі лідар.

Аб выканальніцкай дысцыпліне

"Асаблівая ўвага - выканальніцкай дысцыпліне. Усе рашэнні Прэзідэнта павінны быць на кантролі і выконвацца няўхільна. Толькі так мы зможам захаваць кіруемасць у дзяржаве", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што кантраляваць вынікі выканання тых ці іншых даручэнняў неабходна непасрэдна ў вышэйшых дзяржаўных органах, Адміністрацыя Прэзідэнта гэта, Камітэт дзяржкантролю, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта ці Дзяржаўны сакратарыят Савета бяспекі. "І знімаць з кантролю павінны вы. Каб даклады ад выканаўцаў з месцаў не клаліся на стол Прэзідэнту, не апрацаваныя вамі. Каб вы не былі тут простымі паштальёнамі: узяў у міністра даклад, што нейкі ўчастак дарогі Прэзідэнт даручыў пабудаваць (пабудавалі ці не пабудавалі, па якіх прычынах...), і прынеслі мне, паклалі на стол. Мне такая пошта не патрэбна. Вы павінны аналізаваць тую ці іншую справаздачу або даклад і прадстаўляць на адной старонцы даклад Прэзідэнту: зроблена - не зроблена, чаму", - запатрабаваў беларускі лідар.

"У сферы эканомікі, як і раней, ваша задача - глыбокі аналіз усіх прапануемых рашэнняў, ацэнка іх адпаведнасці дзяржаўнай сацыяльнай палітыцы, аналіз іх уплыву перш за ўсё на чалавека, развіццё галін, рэгіёнаў і краіны ў цэлым", - сказаў Прэзідэнт.

Аб экспертна-прававой рабоце

Яшчэ адным з важнейшых напрамкаў дзейнасці Адміністрацыі Прэзідэнта кіраўнік дзяржавы назваў экспертна-прававую работу і каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы права. "Тут добра зарэкамендавала сябе практыка прыцягнення грамадскасці і экспертных саветаў да абмеркавання праектаў прававых актаў, - лічыць Прэзідэнт. - Калі распрацоўшчыкі таго ці іншага нарматыўнага прававога акта нешта ўпусцілі, не ўбачылі, то слабыя месцы ў дакуменце ім заўсёды падкажа народ".

У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў канцэпцыю закона "Аб процідзеянні дамашняму насіллю", якая раней не толькі была раскрытыкавана кіраўніком дзяржавы, але і выклікала абурэнне шырокіх слаёў насельніцтва.

"Трэба і далей выносіць найбольш значныя дакументы на суд грамадскасці", - сказаў Прэзідэнт.

"Але не так, як нядаўна мне дакладваюць: Канстытуцыйнаму суду няма чым больш заняцца - яны пачалі абараняць адвакатаў. Бяру дакументы, гляджу, як праходзіла пасяджэнне Канстытуцыйнага суда. Аказваецца, аж цэлы намеснік ваш (намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА) там быў. І, тым не менш, працэс запушчаны. Ужо за двое сутак літаральна ўнеслі праект закона на ўзроўні Міністэрства юстыцыі. У мяне адразу пытанне: вам што, больш няма чым займацца разам з Канстытуцыйным судом, - выказаў меркаванне беларускі лідар. - Чым адрозніваюцца, дапусцім, адвакаты, якіх вы там узяліся асобна вывесці як касту і абараняць, зрабіць іх у нейкай ступені недатыкальнымі? Чым яны адрозніваюцца ад вас, ад іншых дзяржаўных служачых? Чым яны адрозніваюцца ад суддзяў, прадстаўнікоў пракуратуры, следчых органаў? Вы хочаце запусціць гэты махавік? Каб потым прыйшлі пракуроры і сказалі: ведаеце, нам таксама патрэбны якія-небудзь умовы, калі мы недзе пракалоліся ці праколемся. Усе ў краіне перад законам роўныя!"

Ён звярнуў увагу на неабходнасць забеспячэння аднастайнага прымянення заканадаўчых актаў. "Галоўнае, каб мы дакладна разумелі, што ўсе блокі ўлады ў краіне павінны працаваць зладжана, павінна быць поўнае ўзаемадзеянне. Я ад вас чакаю перш за ўсё эфектыўнай работы", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Качанава расказала аб асноўных выніках нарады Лукашэнкі з кіраўніцтвам Адміністрацыі ПрэзідэнтаКачанава расказала аб асноўных выніках нарады Лукашэнкі з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта
У ліку асноўных пытанняў, якімі павінна займацца Адміністрацыя Прэзідэнта, Наталля Качанава назвала кадравую палітыку, ідэалагічную работу, кантроль за выкананнем даручэнняў кіраўніка дзяржавы, узаемадзеянне з органамі выканаўчай улады і іншымі рэспубліканскімі органамі.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі