Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
06 лістапада 2018, 15:33

Рэканструяваны мост цераз Прыпяць адкрыты з удзелам Лукашэнкі ў Жыткавіцкім раёне

6 лістапада, Жыткавіцкі раён /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Рэканструяваны мост цераз раку Прыпяць у Жыткавіцкім раёне ўрачыста адкрыты сёння з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адкрыццё новых значных аб'ектаў напярэдадні свята 7 лістапада ў нашай краіне ўжо стала добрай традыцыяй. Бягучы год - не выключэнне. "Думаю, моладзь падтрымае такія нашы памкненні", - лічыць Прэзідэнт. Ён адзначыў важнасць таго, што сёння пасля цяжкай работы ўводзіцца ў строй гэты важны аб'ект. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што літаральна ў снежні мінулага года мост з-за аварыйнага стану давялося закрыць, што стала надзвычайнай праблемай для жыхароў Жыткавіцкага раёна, Турава.

Арганізаваная па патрабаванні Прэзідэнта пантонная і паромная пераправы толькі часткова вырашалі цяжкасці, якія ўзніклі. "Калі я ў СМІ ўбачыў гэту праблему, я зразумеў, да чаго яна можа прывесці. Ды і прывяла. Гэта катастрофа для людзей, якія перамяшчаюцца з аднаго берага на другі на работу, па іншых прычынах. І таму ўсё, што тут рабілася, рабілася вельмі хутка. Вы ўявіце сабе, практычна за паўгода змяніць рэчышча ракі, пабудаваць пад'язныя дарогі да паромных перапраў, затым стары мост ліквідаваць, заказаць і прывезці новыя канструкцыі, устанавіць неабходнае тэхналагічнае абсталяванне і выбудаваць новы мост - гэта вельмі сур'ёзная работа", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён прызнаўся, што, калі ставілася задача ўсё завяршыць да 7 лістапада і ўсе паабяцалі, што выканаюць, сумняваўся, ці ўдасца сапраўды рэалізаваць гэту задачу. "Але вось зрабілі нават раней, проста малайцы", - пахваліў Прэзідэнт.

"Як мне дакладваюць, сціслыя тэрміны не паўплывалі на якасць. Работнікі дарожна-будаўнічай сферы не толькі вырашылі складаныя пытанні і дабіліся пастаўленых мэт, але і набылі бясцэнны вопыт, і не толькі ўзрываць масты, хоць гэта была складаная задача. Менавіта тут упершыню былі прыменены многія наватарскія ідэі і тэхналогіі. На гэты рэзультат працавалі ўсе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт шчыра падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у будаўніцтве. "Галоўная задача дзяржавы - забяспечыць дастойную якасць жыцця сваім грамадзянам і прадаставіць ім аднолькавыя магчымасці для паўнацэннай працы незалежна ад месца жыхарства", - заявіў ён.

Урачыстая цырымонія адкрыцця абноўленага моста стала сапраўдным святам для мясцовых жыхароў, бо сапраўды за вельмі кароткі прамежак часу на дзяржаўным узроўні была вырашана вельмі важная для іх праблема.

Аляксандр Лукашэнка разам з кіраўнікамі рэгіёна і транспартнага ведамства перарэзаў чырвоную стужку на мосце, тым самым даўшы старт руху транспарту. Мясцовыя жыхары цёпла падзякавалі кіраўніку дзяржавы за такі падарунак, а мясцовыя школьнікі ўручылі Аляксандру Лукашэнку макет моста.

"Гэты мост шмат чаму нас навучыў, - сказаў Прэзідэнт. - Масты аб'ядноўваюць, у гэтым іх функцыя, яны не нясуць функцыі раз'яднання або падзелу. А гэта сутнасць нашай палітыкі - аб'яднанне".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі