Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 красавіка 2019, 17:25

Прэзідэнт: неабходна максімальная інтэграцыя адукацыі, навукі і перадавой вытворчасці

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна забяспечыць максімальную інтэграцыю адукацыі, навукі і перадавой вытворчасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам неабходна арыентавацца на падрыхтоўку спецыялістаў з улікам рэальных патрэбнасцей дзяржавы. Забяспечыць максімальную інтэграцыю адукацыі, навукі і перадавой вытворчасці. Перш за ўсё гэта задача Міністэрства адукацыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння сусветнае развіццё вызначаецца прарыўнымі тэхналогіямі, новымі галінамі, якія ствараюць эканоміку ведаў. Нам патрэбны прафесіяналы, якія валодаюць такімі кампетэнцыямі. І займацца падрыхтоўкай такіх спецыялістаў трэба ўжо са школьнай лаўкі", - дадаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што сістэму адукацыі, як школьную, так і вузаўскую, трэба пастаянна ўдасканальваць, развіваць, абапіраючыся на сучасныя тэндэнцыі, але ні ў якім выпадку не ламаць, а рухацца ад меншага да большага, ад простага да складанага. "Гэта маё нязменнае патрабаванне", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што сёння мала даць толькі веды, трэба выхаваць сапраўднага грамадзяніна, патрыёта, навучыць яго думаць, выказваць сваё меркаванне: "І пачынаць неабходна з ранняга ўзросту. А да заканчэння школы гэта павінен быць здаровы, усебакова развіты, падрыхтаваны да дарослага жыцця малады чалавек, здольны адказваць за сябе і сваю будучую сям'ю".

Сучаснае пакаленне становіцца дарослым і набывае веды значна хутчэй, чым раней. І гэта патрабуе змянення стаўлення да цяперашніх школьнікаў. "Сёння ў 10-м класе хлопец - гэта ўжо той, якімі былі мы, калі заканчвалі ВНУ і пачыналі працаваць. Інтэрнэт, іншыя сродкі масавай інфармацыі... Жыццё ўзняло чалавека намнога вышэй. За апошнія 10 гадоў наогул касмічны рывок адбыўся ў развіцці чалавецтва. І ўжо не трэба па-старому думаць аб тым, што ў школе ён яшчэ дзіцятка. Ён ужо не дзіця, а грамадзянін нашай краіны", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі прынята рашэнне аб адкрыцці з 1 студзеня 2021 года Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка для адораных навучэнцаў з усіх рэгіёнаў краіны. Ён звярнуў увагу на неабходнасць распрацаваць празрыстую і эфектыўную сістэму адбору дзяцей для навучання ў тэхнапарку: "Давайце цяпер заявім усяму грамадству, як мы будзем адбіраць 2-2,5 тыс. дзетак, якія будуць там навучацца. Там павінны быць самыя-самыя, вундэркінды. І хто іх будзе навучаць? Гэта павінны быць нашы выкладчыкі, нашы педагогі, таму што яны ведаюць, як трэба выхоўваць і каго трэба гадаваць у Беларусі". Важна, каб у рабоце айчыннага парка ўлічваўся замежны вопыт, у прыватнасці расійскага парка "Сірыус".

Гаворачы ў цэлым аб сістэме адукацыі, кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў яе эфектыўнасць, адзначыў поспехі ў падрыхтоўцы навучэнцаў: "З году ў год нашы школьнікі і студэнты паказваюць высокія вынікі на розных міжнародных конкурсах і алімпіядах. Расце экспарт адукацыйных паслуг. Да нас за ведамі едуць іншаземцы, жыхары ста васьмі краін свету, прытым развітых краін, дзе ВУП на душу насельніцтва значна большы, чым у Беларусі". Прэзідэнт прывёў у прыклад Турцыю, дзе нядаўна знаходзіўся з візітам. Беларуская адукацыя запатрабавана сярод туркаў, яны ўжо навучаюцца ў нашай краіне і хацелі б накіроўваць сюды больш навучэнцаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў перакананне ў тым, што няма неабходнасці штучна нагнятаць праблемы ў галіне навучання, асабліва адносна выкладання на беларускай і рускай мовах. "Заўважаю: зноў пайшла гэта моўная хваля. Я ж вас прасіў: не ўзнімайце гэта пытанне наогул, яно закрыта ў Беларусі. У нас дзве дзяржаўныя мовы - руская і беларуская, - сказаў ён. - Калі нехта хоча страціць розум, ён страціць рускую мову. Калі хоча страціць сваё сэрца, ён страціць беларускую мову. Што вы хочаце страціць: розум ці сэрца?"-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі