Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 сакавіка 2018, 14:01

Прэм'ер Грузіі на сустрэчы з Лукашэнкам расказаў аб залатой старонцы ў адносінах народаў дзвюх краін

23 сакавіка, Тбілісі /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Грузіі Георгій Квірыкашвілі сёння на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам расказаў гісторыю, якую назваў залатой старонкай у адносінах народаў дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гісторыя звязана з адным з эпізодаў, калі беларускія лётчыкі ў мінулым годзе прымалі ўдзел у тушэнні лясных пажараў на тэрыторыі Грузіі. "Я хачу ўспомніць адну з гісторый, якая для мяне вельмі чуллівая і дарагая, і хачу, каб гэту гісторыю ведалі ўсе", - сказаў ён.

Георгій Квірыкашвілі тады асабіста кіраваў арганізацыяй работ пры тушэнні пажараў, і ў адзін з вечароў да яго падышоў свяшчэннік мясцовай царквы, які трымаў у руках абраз Багародзіцы. Ён папрасіў дапамагчы знайсці беларускіх лётчыкаў. Справа ў тым, што камандзір экіпажа заходзіў у царкву і хацеў купіць абраз, аднак свяшчэнніка на той момант не было на месцы. Лётчык тады набраў у ёмістасць асвечаную ваду, сказаўшы, што разалье яе над лесам, які гарэў. Цяпер свяшчэннік шукаў камандзіра, каб падарыць абраз.

"Вось гэта гісторыя для мяне асабіста застанецца залатой старонкай паміж беларускім і грузінскім народамі", - падкрэсліў прэм'ер-міністр Грузіі. Ён падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за прынятае тады асабістае рашэнне адправіць брыгаду ў Грузію для тушэння пажару.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўпершыню чуе гэту гісторыю. "Адпраўляючы гэты экіпаж, я папрасіў іх мець на ўвазе: вы - наш твар у Грузіі, нашы дэлегаты, вы павінны зрабіць усё, каб грузіны сказалі, што гэта браты прыехалі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але што яны нават з такім боскім падтэкстам да гэтага падышлі, мяне вельмі радуе".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі