Поўная версія

"Пабудавалі палац, інакш не скажаш" - Лукашэнка аб рэканструкцыі Гомельскай абласной дзіцячай бальніцы

Прэзідэнт 10.08.2018 | 15:59

10 жніўня, Гомель /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў вынікі праведзенай рэканструкцыі Гомельскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Аб гэтым ён заявіў сёння, размаўляючы з жыхарамі горада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пабудавалі палац, інакш не скажаш. Найвышэйшыя тэхналогіі, цудоўная бальніца", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такія цэнтры створаны ў кожнай вобласці, і першапачаткова быў прапанаваны праект па будаўніцтве гэтай бальніцы за горадам. Аднак Прэзідэнт даручыў рэканструяваць і расшырыць гэты комплекс менавіта ў самім абласным цэнтры. "Сёння атрымаўся цудоўны квартал з унутраным садком", - сказаў ён.

"Не шкада. Гэта для нашых дзяцей. Што яны там твораць... (у плане высокага ўзроўню медыцынскага абслугоўвання. - Заўвага БЕЛТА), і гэта ж не ў Мінску ў цэнтры "Маці і дзіця", а ў абласным цэнтры", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка наведаў розныя карпусы і блокі бальніцы, азнаёміўся з узроўнем аказання медыцынскай дапамогі, пагутарыў з медперсаналам і бацькамі маленькіх пацыентаў. Як запэўнілі кіраўніка дзяржавы, патэнцыялу бальніцы дастаткова для якаснага ахопу неабходнай меддапамогай не толькі жыхароў абласнога цэнтра, але і ўсяго рэгіёна. "Галоўнае, каб гэта было аптымальна і мы ахоплівалі дапамогай усіх дзетак. На дзецях жа эканоміць не будзеш", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт даручыў аператыўней вырашыць шэраг арганізацыйных пытанняў, даручыўшы ўзяць іх на кантроль кіраўніцтву Гомельскай вобласці. Асабліва гэта датычыцца ўкамплектавання лячэбнай установы медыцынскім персаналам, якога павінна быць столькі, колькі гэта сапраўды неабходна з улікам наяўнасці ў бальніцы сучаснага абсталявання і тэхналогій. Адпаведна выстаўляюцца і павышаныя патрабаванні да кваліфікацыі медработнікаў. "Трэба лічыць грошы ўсюды і аддаваць туды, дзе яны неабходны, - на дзяцей траціць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама даручыў аператыўна ўстараніць і некаторыя недапрацоўкі па аснашчэнні бальніцы самым сучасным абсталяваннем і тэхнікай, частка з якіх пакуль яшчэ не пастаўлена. "Гэта павінен быць суперцэнтр, і абсталяванне павінна адпавядаць", - заявіў ён.

У час размовы з жыхарамі Гомеля кіраўнік дзяржавы таксама акцэнтаваў увагу на важнасці забеспячэння высокай якасці медыцынскіх паслуг з улікам сучасных экалагічных выклікаў, нават без уліку чарнобыльскай праблематыкі. "Асабліва ў Еўропе, у Расіі, Украіне і г.д. Нас яшчэ Бог беражэ за кошт гэтай "дыктатуры" і аўтарытарызму, за што нас крытыкуюць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але экалогія пагаршаецца, і дзеці не ўсе нараджаюцца без паталогіі".-0-

Навіны рубрыкі Прэзідэнт
Поўная версія