Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 жніўня 2018, 13:22

"Не зроблена практычна нічога" - Лукашэнка на нарадзе ў Оршы ўказаў на сістэмныя недапрацоўкі па развіцці раёна

14 жніўня, Орша /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў Оршы ўказаў на сістэмныя недапрацоўкі па комплексным развіцці раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сацыяльную сферу ў Оршы ў цэлым прывялі да ладу, горад добраўпарадкаваны, і яго неабходна і далей утрымліваць у належным стане. "Да гэтага патрэбна вытворчая база. Людзі, акрамя таго, каб жыць у прыгожым горадзе, павінны працаваць, гадаваць дзяцей, утрымліваць сям'ю", - заявіў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта таму галоўны ўпор быў зроблены на прамысловую базу, прадукцыя якой запатрабавана ў краіне. "Па ўсіх напрамках былі прыняты мною рашэнні. Яны сістэматызаваны, даведзены да выканаўцаў. Не зроблена практычна нічога, нягледзячы на нагадванне мною і папярэджанні на самых высокіх узроўнях, пачынаючы ад Паслання беларускаму народу і парламенту", - адзначыў беларускі лідар.

У якасці прыкладу ён прывёў развіццё льнаводства, дзе было дадзена шмат даручэнняў - ад вырошчвання лёну да вытворчасці льняных тканін і шыцця адзення. "Быў дадзены шэраг даручэнняў, і гэта цэлая выбудаваная сістэма. Гэтак жа па ўсіх іншых пытаннях, што датычыцца Барані - развіцця гэтага гарадка, што датычыцца Балбасава, Оршы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

На нарадзе старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў далажыў аб асноўных недапрацоўках і хібах. Ён падкрэсліў, што стратэгічная мэта, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, - істотна палепшыць сітуацыю ў Оршы ўжо ў 2017 годзе, забяспечыць нармальнае функцыянаванне эканомікі раёна - не дасягнута. У цэлым работу трэба прызнаць вельмі нездавальняючай. "Урад выбраў для сябе ролю наглядчыка, а не непасрэднага выканаўцы", - канстатаваў ён.

Шэраг паказчыкаў у Аршанскім раёне, нягледзячы на існуючы патэнцыял, нават ніжэйшы, чым сярэднеабласныя, у тым ліку па індэксе прамысловай вытворчасці, экспарце тавараў і іншых напрамках. Прымаецца недастаткова мер па ўключэнні ў гаспадарчы абарот аб'ектаў і зямельных участкаў, якія не выкарыстоўваюцца, шмат праблемных пытанняў на прадпрыемствах. Пакуль не вырашаны асноўныя сацыяльна-эканамічныя пытанні занятасці і заработнай платы.

Леанід Анфімаў таксама адзначыў, што нават тое, што не патрабуе вялікіх матэрыяльных і фінансавых укладанняў, як навядзенне парадку на тэрыторыях прадпрыемстваў, не выканана. Работу нельга назваць сістэмнай, і яна мае шмат у чым касметычны характар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі