Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 сакавіка 2019, 18:50

Лукашэнка зацвердзіў Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі Беларусі

18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў пастанову Савета бяспекі "Аб Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці. Рэзультаты яе рэалізацыі павінны адлюстроўвацца ў штогадовым дакладзе Прэзідэнту Беларусі аб стане нацыянальнай бяспекі і мерах па яе ўмацаванні.

У канцэпцыі ўлічаны ўсе заўвагі і прапановы членаў Савета бяспекі, што паступілі ў ходзе разгляду праекта канцэпцыі на пасяджэнні 12 сакавіка 2019 года. У прыватнасці, асобна ўказана на пераемнасць канцэпцыі адносна асноватворнай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, узмоцнены палажэнні аб падрыхтоўцы кадраў у галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, выкарыстанні сусветных рэйтынгаў для ацэнкі яе стану, абароне камерцыйнай, прафесійнай, банкаўскай тайнаў. Канкрэтызавана, што рэагаванне на рызыкі і выклікі ў інфармацыйнай сферы ажыццяўляецца ўсімі без выключэння дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі ў адпаведнасці з галіной іх дзейнасці, максімальна поўна і аператыўна.

Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Беларусі - гэта сістэма афіцыйных поглядаў на сутнасць і змест забеспячэння нацыянальнай бяспекі ў інфармацыйнай сферы, у якой вызначаюцца стратэгічныя задачы і прыярытэты ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі.

Канцэпцыя зыходзіць з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце, грунтуецца на пагадненнях аб супрацоўніцтве ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў - удзельніц СНД, дзяржаў - членаў АДКБ, двухбаковых пагадненнях і іншых абавязацельствах Беларусі ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі, улічвае асноўныя палажэнні актаў міжнародных арганізацый, у тым ліку рэзалюцый Генеральнай асамблеі ААН, рэкамендацый АБСЕ.

Дакумент забяспечвае комплексны падыход да праблемы інфармацыйнай бяспекі, стварае метадалагічную аснову для ўдасканалення дзейнасці па яе ўмацаванні, служыць падставай для фарміравання дзяржаўнай палітыкі, выпрацоўкі мер па ўдасканаленні сістэмы забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, канструктыўнага ўзаемадзеяння, кансалідацыі намаганняў і павышэння эфектыўнасці абароны нацыянальных інтарэсаў у інфармацыйнай сферы, садзейнічае мэтанакіраванай інтэграцыі Беларусі ў сістэмы забеспячэння міжнароднай інфармацыйнай бяспекі на аснове нацыянальных прыярытэтаў.

У канцэпцыі адлюстраваны сучасныя выклікі і пагрозы, якія фарміруюцца ў інфармацыйнай сферы і ўяўляюць сабой небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржаў - маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцей, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя.

Па сваёй сутнасці канцэпцыя ўяўляе сабой сучасны палітычны акт, нацэлены на ўсёабдымнае развіццё Беларусі як суверэннай, дэмакратычнай, сацыяльнай дзяржавы. Асабліва падкрэсліваецца, што бяспека інфармацыйнай сферы забяспечваецца ў першую чаргу менавіта праз яе развіццё. Змест дакумента прызначаны ўвазе дзяржаўных органаў, грамадскасці, грамадзян, саюзнікаў і партнёраў Беларусі, іншых суб'ектаў міжнародных адносін.

Асабліва важна, што Беларусь пазіцыянуецца як міралюбная дзяржава, якая разлічвае на цывілізаванае вырашэнне ўсіх пытанняў глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, абавязковае і эфектыўнае развіццё чалавечага патэнцыялу. Канцэпцыя арыентавана на ўключэнне ў забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадства, бізнесу, прадстаўнікоў навуковай, адукацыйнай і культурнай супольнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі